П’яны вясковы зламыснік цудам пазбег Лінча

Жывёльны свет беларускай народнай казкі

Зламыснік наўрад ці ўцяміў, што магло б быць значна горш

Пакінуўшы свае транспартныя сродкі каля мажджалінскага сельмагу, трое вяскоўцаў адправіліся па набыткі. Дачасна выбегчы з крамы іх прымусіў жудасны крык. Непадалёк, скурчыўшыся, на зямлі ляжаў і крычаў іх аднавясковец дваццацігадовы Х.Ж. Прычына здарэння высветлілася вельмі хутка.

Выявілася, што Х.Ж. быў дабрэнна нападпітку, ад чаго зрабіўся вельмі злосным на ўвесь свет. Сваю раптоўны гнеў ён вырашыў абрынуць на машыны, якія стаялі каля крамы. П’янтос выцяг з кішэні цвік і стаў рабіць сваю брыдкую справу. Ён натхнёна чыркнуў вастрыём цвіка па крылу “аўдзюхі”, тады па крылу “гольфа” і ў захапленні ад працэсу нават не заўважыў, якую машыну чыркнуў трэцяй. Паколькі трэцяй была не машына, а сівая кабыла Трэмбіта, то тая немінуча ўбрыкнула зласлівага шкодніка нагэтулькі моцна, што ён адляцеў на некалькі метраў убок.

Раззлаваныя мужчыны хацелі распачаць самасуд, але па дарозе завялі дыскусію пра тое, як такі суд называецца, і захраслі ў роздумах аж да прыезду міліцыі. Застаецца толькі цешыцца, што амерыканскае прозвішча Лінч у Мажджаліне ўспамінаюць рэдка.