
Разважаючы над здарэннем, мы падумалі, што бывае і горш
Сябры, знаёмыя і проста аднавяскоўцы старых мажджалінцаў Ірыдзія Шныра і Вітольда Бацюшкевіча былі непрыемна ўражаныя, праходзячы міма іх падворкаў. Штыкетнік, які адасабляе падворкі абодвух дзядоў ад вуліцы, быў цынічна зламаны. Цынізм заключаецца нават не ў самім факце ламання, а ў тым, што невядомыя зламыснікі паламалі штыкеціны так, каб у прагалах атрымаўся непрыстойны надпіс з трох літараў.
Спачатку меркавалася, што надпіс атрымаўся выпадкова ў выніку чарговай бурлівай спрэчкі Шныра і Бацюшкевіча пасля вечаровай партыі ў шахматы. Прынамсі, адна баба сказала, што чула, як тыя сварыліся адзін на аднаго, і нехта з іх крычаў: «Я ж табе казаў, лошаддзю трэба хадзіць!». Аднак самі дзяды гэтую версію абвяргаюць. «Шахматы шахматамі, але на халеру штыкетнік ламаць?!» – заявіў нашаму карэспандэнту дзед Вітольд. Выспела і іншая версія, згодна з якой зламаны штыкетнік стаў справаю рук дэструктыўнай часткі мажджалінскай моладзі. Але пакуль гэта версія нічым не пацвярджаецца.
Удзельнікі клубу па вывучэнні паранармальных з’яваў Антось Капыцька і Настасся Кыркота сцвярджаюць, што штыкетнік паламаны анамальным ветрам, які ніяк не дачакаецца рабінавай ночы – ночы з неверагодна бурай, громам, маланкамі. «Вецер нудзіцца без буры, таму і робіць такія інфантыльныя ўчынкі», – патлумачылі яны.
На момант прыбыцця нашага карэспандэнта на месца здарэння штыкетнік быў адрамантаваны, і мы дакладна не ведаем, якое менавіта слова ў тварылася ў праломах. Сведчанні відавочцаў істотна розняцца, таму пакінем іх без каментараў. Застаецца толькі цешыцца, што слова складалася з трох літараў, і на рамонт штыкетніка спатрэбіліся меншыя выдаткі.