Ніндзі-чарапашкі перашкаджаюць уборачнай

Ніндзі-чарапашкі перашкаджаюць уборачнай

Ніндзі-чарапашкі на мажджалінскім мехдвары. Фота на мабільнік зрабіў адзін з механізатараў. Даставернасць здымка не правяралася

Механізатары вёскі Мажджаліна скардзяцца, што праводзіць сёлетняе жніво ім перашкаджаюць ніндзі-чарапашкі. Паводле слоў працаўнікоў сяла шкоднікі з’яўляюцца на самых складаных участках уборачнай страды і літаральна ўстаўляюць палкі ў колы.

“Я чалавек не самы труслівы, но калі етыя гады выскокваюць з жыта перад маім камбайнам, то сэрца нявольна дрогнець. А яны ж не толькі выскокваюць, а яшчэ і баявыя гімнасцічаскія ўпражненія дземанстрыруюць. Я, канечне, за здаровы лад жыцця, але ж не з шаблямі напроціў камбайна!” – выказаў сваё стаўленне да сітуацыі камбайнер Мікіта Костачкін.

Тое ж могуць сказаць і шматлікія калегі Костачкіна. Зрэшты жаночая палова вёскі ў з’яўленне ніндзяў-чарапашак не верыць. Жанчыны падазраюць, што механізатары вынайшлі чарговы чароўны напой, настоены на сапсаваных gps-навігатарах. Мужчыны рашуча адмаўляюць такія падозранні як загадзя перадузятыя. Асобныя катэгорыі вяскоўцаў лічаць, што ў жыце сноўдаюць не ніндзі-чарапашкі, а русалкі ці нават дэсантнікі, якія пераблыталі стромкае калоссе са струменьчыкамі вады ў фантанах.

Наша карэспандэнтка, якая пабыла на месцы падзеяў, маўчыць і загадкава ўсміхаецца.