
Не фільтраваць ні піва, ні базар.
Праектаваць масты. Бамбіць Адэсу.
З мільярдаў наштампованых сансар
Абраць адну й любіцца да зарэзу.
Не пакідаць надзеяў, што вайна –
Малой крывёй ды на чужой планеце,
І што аднойчы ў каляровых снах
Ты ўбачыш руж пластмасавых суквецце.
Не дараваць надкусаны эклер
Садомскім псам і стымфалійскім птушкам.
У змроку не губляць сваіх сякер,
Каб не даваць чарцям дзіцятак гушкаць.
Не апранаць вільготных афрадыт.
Заўсёды ведаць, дзе растуць рамонкі.
Любіць індустрыяльны краявід.
Мець сотню тэм для свецкае гамонкі.
Не апускаць ні рукі, ні шлагбаўм.
Гукаць вясну на дахах хмарачосаў.
Пакутай боскай ад душэўных траўм
Пакутваць, ідучы да сонца босым.
Не шкадаваць, што цудны новы свет
У яркіх фарбах рухаецца ў бездань.
Пра смерць сваю даведацца з газет,
Мандат парваўшы прад шаманскім з’ездам.
2014 г.
Скарыстаны мінус Coya “De trop” (2011) з сайта вольнай музыкі jamendo.com