
Навасельцава Ганна Віктараўна – дацэнт кафедры літаратуры ўстановы адукацыі “Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава”; кандыдат філалагічных навук, дацэнт (г. Віцебск, Беларусь).
Адметным прыкладам выяўлення постмадэрнісцкай эстэтыкі з’яўляецца твор «Імя грушы» (2005) Сяргея Балахонава, паводле аўтарскага вызначэння жанру – раман у трох мемуарах. Апелюючы да вядомага твора Умбэрта Эка, беларускі пісьменнік найперш правакуе чытача, выкарыстоўвае прыгодніцкія, авантурныя, дэтэктыўныя прыёмы, аднак разам з тым арыгінальна раскрывае мастацкае дзеянне на фоне гістарычнага мінулага. У рамане сэнсаваўтваральным выступае прыём аўтарскай стылізацыі трох мемуарных тэкстаў – гэта «Успаміны Наталлі Клыкоўскай», «Ліст Камілы Свентажэцкай да Аляксандра Ельскага», «Дзённік Ірэны Галавацкай», якія ўяўляюць мастацкія аповеды пра падзеі ад імя названых гераінь, іх непасрэдных удзельніц. Аўтар вядзе чытача да сэнсавай рэканструкцыі дэтэктыўнай інтрыгі праз супастаўленне і ацэнку апісаных гераінямі перыпетый. Пры гэтым С. Балахонаў рэпрэзентуе месца і час дзеяння – Менск 1858 года, імкнецца перадаць гістарычны каларыт.
Асноўны змест выкладзены аўтарам ва «Успамінах Наталлі Клыкоўскай», што падаюцца ў творы як пераклад з рускай мовы. Так, з істотнай часавай адлегласці апавядальніца малюе свае жыццёвыя прыгоды: у прыватнасці, яна прыехала ў Менск працаваць у пансіёне настаўніцай музыкі, дзе і сустракае Паўла Аляксандрава, з якім неўзабаве адбываюцца заручыны. Паўлуша, як на¬зывае яго сама гераіня, добры прыхільнік тагачаснага беларускага руху, вакол яго ўтвараецца невялікі гурток моладзі, зацікаўленай беларускай гісторыяй і культурай. Паводле сведчанняў Наталлі, «тады чэсьнікі беларушчыны гуртаваліся вакол пана Дуніна-Марцінкевіча – паэта й пісьменьніка, які жыў дзесь пад Менскам, але быў заўсёдным госьцем у горадзе. Гаварылі, што між сваіх продкаў ён меў якогась дацкага прынца, з той прычыны у прозьвішчы ягоным і красаваў прыдомак Дунін, то бок Датчанін» [1, с. 18]. Наталля з Паўлам наведвалі той гурток рэдка, паколькі адчувалі сябе няёмка сярод знакамітасцяў і таму арганізавалі свой уласны, між сабой называючы яго «Дасканалы Крывіч». Неўзабаве госцем гэтага гуртка становіцца Вайніслаў Боўт, які добра ведае беларускую мову, паказваецца чалавекам шырока адукаваным, а таксама падаецца асобай цікавай і па-свойму неардынарнай. Наталля і Вайніслаў заўважылі і спадабаліся адно аднаму, аднак аўтар развівае далей падзейнасць у дэтэктыўным рэчышчы.
Атмасфера, якая пануе сярод гурткоўцаў, няўлоўна нагадвае свет таямніц, увасоблены Вацлавам Ластоўскім у аповесці «Лабірынты». Напрыклад, героі спрачаюцца пра асобу аўтара знакамітага «Слова пра паход Ігаравы», чытаюць, паводле іх вызначэння, сучасны крыўскі верш, аўтарам якога лічаць Аляксандра Міцкевіча – роднага брата знакамітага паэта. Разам з тым пісьменнік яўна асучаснівае гістарычную рэчаіснасць: у Менску здараецца серыя жахлівых забойстваў, якія прыцягваюць увагу мясцовай грамадскасці, аднак злачынца не знойдзены. Пры загадкавых абставінах знікае і Вайніслаў: падчас гульні «Жаніцьба Цярэшкі» яго забірае паліцыя, але, як выяўляецца пазней, сапраўднага арышту не было. Асобныя гурткоўцы, і сярод іх На¬ талля, шукаюць Вайніслава, пакуль праз нейкі час не здараецца наступнае: Вайніслаў нечакана з’яўляецца Клыкоўскай, гаворыць, што яго трымаюць у палоне, просіць грошай, а пасля знікае. I хоць патрэбная сума была сабраная, Боўта праз нейкі час знаходзяць мёртвым, што спараджаецца яшчэ больш загадкавымі абставінамі. Рамантызаванаму ўяўленню пра Вайніслава, якое чытач стварае паводле ўспрымання гэтага героя Наталляй Клыкоўскай, пісьменнік супастаўляе якасна іншае, адлюстраванае ў лісце Камілы Свентажэцкай (перакладзеным з польскай мовы). Яго аўтарка сцвярджае, што Войслаў [маецца на ўвазе Вайніслаў. – Г.Н.] у свае 25 гадоў быў зацятым «крывічом», у той час, калі ўсе думалі пра адно, ён мог меркаваць зусім пра іншае, зрэшты, радыкальнасць яго поглядаў на «крывіцкае пытанне» магла быць звязана з жаданнем уражваць паненак. Каміла выкладае сваю версію падзей, якая заканчваецца такім тлумачэннем: Войслаў Боўт – бандыт, апалагет крайняй формы «крывіцкага» правінцыялізму ў палітычных, эканамічных, культурных сферах, «арганізатар злачыннае афэры па экспрапрыяцыі грашовых сродкаў у прадстаўнікоў менскага польскага грамадска-палітычнага і грамадска-культурнага руху» [1, с. 117], знік пасля здзяйснення гэтага злачынства.
Яшчэ адна версія вынікае з беларускамоўнага фрагментарнага дзённіка Ірэны Галавацкай, актрысы, якая закаханая ў Вайніслава. С. Балахонаў удала спалучае містычнае і дэтэктыўнае развіццё падзей, паколькі з аповеду Ірэны раскрываецца шэраг заблытаных момантаў асноўнай гісторыі. Менавіта Ірэна і арганізуе выкраданне Боўта, дамовіўшыся з цыганамі, якія пераапрануліся паліцэйскімі, ад імя свайго каханага піша ліст, у якім просіць не шукаць яго. Пры гэтым вобраз гераіні раскрываецца псіхалагічна глыбока: калі для іншых персанажаў крывіцкая ідэя ўяўляецца нечым абстрактным, тым, пра што мож- на з цікавасцю пагаварыць за кубкам гарбаты ў коле знаёмых, то для Ірэны гэта паняцце знакавае, сакральнае. Яна ўпэўнена, што праўдзівы дух крэваў не згіне, хоць вядомым ёй прыхільнікам крывіцкай спадчыны, паводле слоў гераіні, неразумным і нягеглым, ніколі не адбудаваць даўнейшай Беларусі: «Іх высілкі дарэмне прымошчаныя, бо мёртвы дом дойліды стаўляюць, і будуць туды вятры з бакоў чатырох дзьмуці, і Зюзя дубінаю сваёю страху скідаць будзе, а Чарнабог не пагрэбуе прыставіць да вокнаў пачвараў» [1, с. 119]. Пагарда Ірэны да мясцовай інтэлігенцыі, недавер да Вайніслава, які звярнуў увагу на Камілу, упадабаў і Наталлю, штурхае гераіню на падман і арганізацыю злачынства, якую нікому не ўдаецца выкрыць. Урэшце Ірэна маральна стамляецца ад няпэўнасці, вырашае здабыць грошы і з’ехаць у Парыж. Сітуацыя абсур¬ду заключаецца ў тым, што гэта ўдаецца, паколькі пад прымусам ёй дапамагае Вайніслаў, які падманвае Наталлю. Для Вайніслава Боўта фінал трагічны: ён заканчвае жыццё самагубствам, хоць усе перакананы, што гэта забойства. Яго смерць сімвалічна звязваецца з вобразам грушы: з успамінаў Наталлі чытач даведваецца, што на «полі па дарозе на Лошыцу сяляне прыбіралі старую гру¬шу. У гэтым дупле яны знайшлі мерцьвяка, на шыі каторага, апроч крыжыка, вісеў залаты мэдальён з гравіраванкай Wojlsau Bout» [1, с. 98].
Такім чынам, вобраз грушы асацыятыўна супастаўляецца з трыма гераінямі, кожная з якіх адметна паўплывала на апісаныя падзеі. Пісьменнік умоўна прапануе чытачу самому выбраць грушы пэўнае жаночае імя: гэта можа быць Наталля Клыкоўская, якая прызнаецца, што з тых часоў старанна ўнікае авантураў звязаных з мужчынскай паловай гэтага свету, і не таму, што зрабілася раптам вялікай праведніцай, а таму што баіцца выклікаць паўтор трагічнай дзеі, у выніку чаго становіцца зразумелым: гераіня няздольная на сапраўдныя пачуцці. Гэта можа быць Каміла Свентажэцкая, якая ўбачыла ў Вайніславу шмат з таго, чаго не заўважылі іншыя, яна жорстка асуджае героя, але ўсё ж нельга сказаць, што яе безапеляцыйная ацэнка да канца справядлівая. У прыватнасці, гераіня дбае, каб пра Боўта не засталося нават памяці, што падштурхоўвае праводзіць сэнсавыя паралелі паміж вобразам грушы і Камілай Свентажэцкай. Гэта можа быць Ірэна Галавацкая, якая, нягледзячы на здзейсненае злачынства, у маральных, а таксама інтэлектуальных адносінах узвышаецца над іншымі. Так, у сапраўднасці яе пачуццяў не прыходзіцца сумнявацца, але, разам з тым, яе дзеянні і падштурхнулі Вайніслава да самагубства. Прапануючы чытачу такія варыянты, аўтар пазбягае выяўлення ўласнага меркавання, аднак імкнецца асацыятыўна паказаць узаемаадносіны паміж прадстаўнікамі беларускага грамадскага руху, польскага і рускага. Гістарычны фон твора штурхае да пошукаў паралеляў у сучаснай рэчаіснасці.
Літаратура
1. Балахонаў, С. Імя грушы : раман, апавяданні / С. Балахонаў. – Мінск : Выдавец I. П. Логвінаў, 2005 – 224 с.
2017 г.