
Тыя самыя «танкавыя» радкі
На 120-цігоддзе з дня нараджэння выдатнага беларускага паэта Максіма Багдановіча настаўнік гісторыі з вёскі Мажджаліна Юрась Неспакойны зрабіў сенсацыйную заяву. Вядомы сваімі даследчыцкімі росшукамі і нестандартнымі поглядамі на вядомыя факты, ён выйшаў з раптоўнай прапановай святкаваць у дзень з’яўлення на свет М.Багдановіча яшчэ і дзень танкавых войскаў.
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Азалія Ерафееўна Крынічная запярэчыла: «Да чаго тут Багдановіч? Мо’ вы Максіма Танка мелі на ўвазе?». Але ў сваім адказе руплівец гісторыі быў і застаецца няўмольным: «Багдановіча! Бо ў яго вершы ўпершыню ў беларускай гісторыі прыгадваецца танк!». Гаворка пра верш 1915 г. «Лявоніха», дзе ёсць такія радкі:
Ты была заўсёды першай у танку –
I ў «Мяцеліцы», i ў «Юрцы», i ў «Бычку»…
«Увесь час лічылася, што Багдановіч тут гаварыў пра беларускія народныя танцы, – працягвае Неспакойны. – Але ў мяне ёсць усе падставы меркаваць, што насамрэч ён прыгадваў тут народныя назвы танкаў, канструктарам якіх быў беларускі майстар-самародак Лявон Нядбайліца. Яго жонка Лявоніха, сапраўднае імя якой застаецца невядомым, была першым у беларускай гісторыі танкістам, чые карані шчыльная звязаныя з нашай роднай вёскай».
Даследчык пакуль не можа даць уцямнага адказу, якім чынам беларускі вясковец у часы Першай сусветнай вайны мог не проста сканструяваць, але і пабудаваць сапраўдны танк. Таксама мы не пачулі адказу на пытанне пра выкарыстанне гэтых танкаў у той ці ў больш позні час. Але рарытэтны здымак пан настаўнік нам усё ж паказаў.

Беларускі саматужны танк «Юрка» (бл. 1916 г.)
Зрэшты, тутэйшы аматар японскай культуры Анікей Міядзака сцвярджае, што фраза «Ты была заўсёды першай у танку» указвае на прыхільнасць Лявоніхі да складання традыцыйных японскіх вершаў танка. Праўда, ніхто яго не слухае.
Застаецца толькі цешыцца, што гадавіну з дня нараджэння Максіма Багдановіча ў нашай вёсцы святкуюць з такім цікавым навуковым падыходам.