Наш урабарос


Аблокі апусціліся з нябёс,
ахутаўшы сабой мікрараёны.
Мінае час, а я такі ж шалёны,
хоць цяжар за плячыма значна ўзрос.

Мінае час, а ты ў сваёй красе
ўсё ходзіш па крыштальных лабірынтах
маёй душы, для большасці закрытых,
што нават забарончы знак вісеў.

Яго і сёння ў мружыве гадоў
разгледзець зможа пільны падарожны,
але асмеліцца ступіць зусім не кожны,
хіба камень у шкло запусціць хто.

Тады аскепкі драпаюць эфір,
і звонка ападаюць калідоры,
а ты ідзеш без боязі і зморы,
спяваючы адну з маіх стыхір.

І я пяю з табою, хоць даўно
не помню слоў уласных хваласпеваў.
Былая намякае, што прагневаў
багоў шаленствам я на ўзмежжы сноў.

Намёкам здрадніц – бледны грош цана.
Блудніц усмешкам – горкія суніцы.
Магчыма, лабірынт мне толькі сніцца.
Бываюць жа фантазмы ў пацана!

Але хай лепш ўсё гэта будзе сон,
чым сэрца рэчаіснае пустэчы.
Гарэлае віно. Ружовы вечар.
Прыкінуўся Тэзей, што ён Язон.

Аблокі апусціліся з нябёс,
прыкінуўшыся сном цукровай ваты.
Зрываецца зноў голас мой напяты.
Смяецца ў вербах наш урабарос.

ліпень 2015 г.

Заўвага: скарыстаны інструментал Homeless Balloon “Romantic Landscape” (2007) з сайта вольнай музыкі jamendo.com