Народны ўмелец запусціў сонца

Дзе прайшло маленства, там пачынаецца радзіма

Праз цэнтральную вуліцу Мажджаліны Ляксей Пустабышаў імчыць вызваляць сонца

Надзвычайная сітуацыя склалася сёння зранку на ўсходзе ад вёскі Мажджаліна. Сонца, якое павінна было своечасова ўзняцца ў неба, раптоўна спыніла свой рух. Вялікая затрымка з гэтым магла б выклікаць каласальны міжнародны рэзананс і прычыніцца да падзення аўтарытэту Мажджаліны ў свеце.

Аднак выправіць сітуацыю дапамог народны ўмелец Ляксей Пустабышаў. Узяўшы з сабой пэўныя прыстасаванні, Ляксей на сваім удасканаленым матацыклеце скіраваўся да нерухомага сонца. Дзякуючы яго майстэрству і прыроднай кемлівасці, вясковец здолеў-ткі запусціць сонца ўручную. Паводле яго словаў, сонца зачапілася за пень колішняга дуба.

Гэта вельмі стары пень, які адны клічуць Сувораўскім, другія – Касцюшкаўскім, а трэція – Трухлявым. Згодна з народным паданнем пень з’явіўся ў канцы XVIII ст. пасля спілавання невядомымі ў цывільным шматвяковага дуба.

Якім месцам сонца зачапілася за памянёны пень, і што за інструмент выкарыстоўваўся для яго вызвалення і далейшага запуску, Ляксей Пустабышаў паведамляць адмовіўся.

Застаецца толькі цешыцца, што народны ўмелец не забраў нашу журналістку катацца на матацыклеце.