
Кожны з нас шчаслівы, калі адчувае сваю шматфункцыянальнасць і можа выкарыстаць яе на практыцы
Як паведамлялася раней, сёлета 12 ліпеня ад удару маланкі быў прабіты бітон, што належаў саракапяцігадовай жыхарцы Мажджаліны Аксінні Кашчэўскай. Не жадаючы развітвацца са сваёй даўняй маёмасцю, жанчына вырашыла аддаць бітон у рамонт. Паколькі спецыялізаваных месцаў для таго кшталту рамонту ў вёсцы няма, то яна звярнулася да народнага ўмельца Ляксея Пустабышава. Той з ахвотай узяўся за работу, паабяцаўшы не толькі адрамантаваць, але і ўдасканаліць яе любімы бітон.
Калі ж мінулі два загадзя ўмоўленыя дні, Аксіння падалася забіраць сваю рэч. На вялікае здзіўленне ў падворку Пустабышава яе чакаў не адрамантаваны бітон, а амаль навюткі астрамеханічны дроід. Яго выпадкова сабраў Ляксей, надта захапіўшыся ідэяй ўдасканалення бітона. “Я хацеў зрабіць бітон больш функцыянальным. Было пару думак, як гэта дасягнуць. Стаў іх увасабляць. Калі апомніўся, дроід ужо быў гатовы”, – даў свой каментар майстар.
Аксіння з вынікаў працы расперажывалася: ці стане астрамеханічны дроід займацца брагай, як гэта рабіў бітон да рамонту. Але дроід асабіста паабяцаў заняцца не толькі брагай, але і праполкай градак, нарыхтоўкай дроваў на зіму, забеспячэннем wi-fi сувязі і выказаў палымянае жаданне далучыцца да беларускай касмічнай праграмы.
Застаецца толькі цешыцца, што з пад рук Ляксея Пустабышава выйшаў бяскрыўдны дроід, а не бураціна, як у 1995-м, і не тэрмінатар Т-1000, як у 2005 годзе.