Напярэдадні Дня настаўніка ў вёсцы Мажджаліна адкрыюць незвычайны фантан

Не марнаваць, не нішчыць, не бурыць – тварыць!

Настаўнік фізічнай культуры гатовы выпрабаваць фантан першым

30 верасня на школьным падворку ў вёсцы Мажджаліна будзе адкрыты фантан, прысвечаны і прызначаны для настаўнікаў.

Ананімны мецэнат (верагодна ураджэнец вёскі ці колішні вучань тутэйшай школы), які жыве ў адной з суседніх дзяржаў яшчэ ў жніўні выдаткаваў сродкі на будаўніцтва незвычайнага аб’екту. Ён вырашыў тэрмінова закрыць даўнюю спрэчку паміж традыцыямі святкавання Дня настаўніка і Дня дэсантніка. Цяпер кожны ахвочы настаўнік цэлых тры дні (ад 30 верасня да 2 кастрычніка) можа спакойна пакупацца ў збудаваным фантане, дзе будзе струменіць цёпленькая вадзічка.

Каб пазбегнуць наплыву самазванцаў і аматараў «халяўных» лазняў, у фантан будуць пускацца толькі тыя, хто будзе мець бэйдж вызначанай формы з уклеенай фатаграфіяй, пашпартнымі звесткамі, прастакутным штампам і круглай пячаткай той ці іншай установы адукацыі.

Адсочваць працэс будзе бацькоўска-вучнёўскі патруль. Але ім справа не абыдзецца. Паколькі на выходныя ў Мажджаліне чакаецца вялікі наплыў настаўнікаў з розных школаў раёна, вобласці і сузор’я Стральца, то ў вёску для падтрымання парадку прыбывае дзве роты АМАП.

Усе чамусьці перакананыя, што розныя групы настаўнікаў могуць пачаць высвятляць паміж сабой адносіны, ладзячы бойкі падручнікамі, метадычнай літаратурай і тэхнічнымі сродкамі навучання. Зрэшты, мажджалінскія педагогі абвяргаюць падобныя чуткі і найперш асцерагаюцца магчымых перабояў з цёплай вадой у фантане і крыўды з боку мясцовых дэсантнікаў, якіх улетку адправілі святкаваць іх дзень за межы вёскі.

Сітуацыя вакол свята робіцца яшчэ больш пікантнай з прычыны туману (ці туманнасці), што ўжо трэці дзень не сыходзіць з вёскі. Застаецца толькі цешыцца, што Дзень настаўніка ў Мажджаліне адбудзецца пры любым надвор’і.