На сонечныя гадзіннікі заклікае перайсці аднавяскоўцаў мясцовы эколаг

На сонечныя гадзіннікі заклікае перайсці аднавяскоўцаў мясцовы эколаг

Такі сонечны гадзіннік збудаваў мясцовы бабыль на заклік актывісткі зялёных

З незвычайнай ініцыятывай да жыхароў вёскі Мажджаліна звярнулася актывістка руху зялёных Мар’я Падбел. Яна прапанавала вярнуцца да вытокаў у вымярэнні часу і пачаць карыстацца сонечнымі гадзіннікамі.

“Мы даўжны паняць, што солнечные часы – ета дзешава, сярдзіта, а глаўнае экалагічаскі чыста”, – пракаментавала спадарыня Мар’я сваю ідэю нам і пайшла ўгаворваць чарговага аднавяскоўца. Людзі на ўгаворы паддавацца не спяшаюцца: гадзіннікі за хатаў не выкідваюць, ад мабільнікаў, якія таксама паказваюць час, не пазбаўляюцца.

Толькі мясцовы бабыль Савасцян Савасцянаў пайшоў на гэты смелы эксперымент. Сонечны гадзіннік ён збудаваў каля свайго падворку, а таксама змайстраваў яго наручны аналаг. Тутэйшыя бабы лічаць, што ў гэтай справе не абышлося без “каншахтаў блудскіх”. Наш карэспандэнт са свечкай не стаяў, але на ўласныя вушы чуў, якую песню зараз часта спявае бабыль: “Экалагічаскі цібя не хватает мне”. Вось такая тут экалогія.