
Прыблізна так выглядае зараз вёска Мажджаліна. Цікава жыць у ёй
Другі дзень у вёсцы Мажджаліна Карэчыцкага раёна Гомельскай вобласці адбываецца нешта дзіўнае. Учора зранку на вёску апусцілася нешта.
Думкі жыхароў падзяліліся. Адны лічаць, што гэта рэдкай густаты ружовы туман. Іншыя мяркуюць, што гэта туманнасць Конская Галава. Як бачым (а мы амаль нічога не бачым – рэд.), з’ява досыць туманная, але разам з тым яскравая.
На захадзе вёскі ўжо зафіксаваны масавыя з’яўленні самотных вожыкаў, якія то крычаць, то нешта мармычуць. На ўсходзе аднекуль узнік мядзведзь, які распаліў вогнішча і ўвесь час падкідвае туды ядлоўцавыя галінкі. Па цэнтры Мажджаліны блукае сівая кабыла. Ніхто са сведак не можа сказаць дакладна, на якую мянушку яна адгукаецца і ці адгукаецца ўвогуле. Некаторыя сцвярджаюць, што менавіта яна спарадзіла чуткі пра тое, што з’ява, якая назіраецца цяпер у вёсцы, ёсць туманнасцю Конская Галава.
Застаецца толькі цешыцца, што сярод гэтай беспардоннай анамаліі мы стараемся захоўваць будысцкі спакой і інфармаваць шырокую грамадскасць.