Мядовы месяц гаспадара хутара Гмізоўка пагражае скончыцца разводам

Пэўна, пра такую жонку марыць хутаранін Варлен Кышка

Сямейнае жыццё гаспадара Гмізоўкі Варлена Кышкі і яго жонкі Альбіны (у дзявоцтве Кошка), толкам не распачаўшыся, пагражае скандальна скончыцца.

Пара, якая пажанілася менш за два тыдні таму, неспадзявана перапыніла мядовы месяц, які праходзіў у санаторыі “Дземае Ключы”, недалёка ад роднай вёскі нядаўняй нявесты. Прычынай для дачаснага сканчэння адпачынку сталі вынікі ЦТ, якое Альбіна праходзіла ў чэрвені яшчэ да замуства. Яна пісала тэсты па беларускай мове, гісторыі Беларусі і грамадазнаўству, набраўшы па ўсіх прадметах даволі высокі бал, які дазваляе ёй паступіць на дзённае аддзяленне многіх ВНУ нашай краіны.

Здавалася б, гэткі поспех павінен быў стаць агульнай радасцю і для жонкі, і для мужа. На справе выйшла не ўсё так проста. Рэч у тым, што пра свой удзел у ЦТ Альбіна нікому не казала. А калі ў ўжо ў санаторыі даведалася праз інтэрнэт пра вынікі, то вырашыла прызнацца мужу. Пачуўшы пра выдатныя вынікі тэстаў, той няправільна зразумеў – падумаў, што маладая жонка праверылася на цяжарнасць. Калі ж яна ўсё патлумачыла і заявіла пра жаданне вучыцца ў ВНУ на дзённым, Варлен не на жарты ўсхваляваўся.

Інфармацыйнае агенцтва АБС паведамляе, што пасля гэтага ўсчалася неверагодная сварка. Муж ні хацеў нават слухаць пра планы сваёй жонкі. Тое ж агенцтва зазначае, што маладажоны рэшту мядовага месяцу спалі непроста асобна, а ў розных корпусах санаторыя. Да таго ж Альбіна колькі разоў спрабавала ўцячы ў сваю вёску, але пасля лячэбных працэдур яе апаноўвала лянота.

Праз колькі дзён Варлен і Альбіна маюць нарэшце вярнуцца на хутар Гмізоўка (3 кіламетры ад Мажджаліны), дзе і будзе прынятае канчатковае рашэнне. Застаецца толькі цешыцца, што хутар знаходзіцца на востраве, і большасць цікаўных мажджалінцаў не здолеюць трапіць на сямейныя разборкі па-хутаранску. Абяцаем, што наш карэспандэнт абавязкова праточыцца туды і паведаміць найбольш цікавыя моманты фінальнай сустрэчы.