Моладзь пераблытала Купалінку з Мілавіцай

Моладзь пераблытала Купалінку з Мілавіцай

Ад няправільных спеваў моладзі нават Бобік акасеў

Рыхтуючыся да святкавання Купалля, моладзь з вёскі Мажджліна не здолела правільна праспяваць знакамітую купальскую песню. Нехта Прохар Дронаў, які зацягнуў спеў, неспадзявана выдаў:

Мілавіца, Мілавіца,
Цёмная ночка!
Цёмная ночка!
А дзе ж твая дочка?

Бяда ў тым, што ніхто з яго сяброў і сябровак, не выправіў памылку. Усе працягвалі спяваць, нібыта так і трэба. Але гэтая блытаніна паняццяў кінулася ў вушы старэйшаму пакаленню. Палова вёскі сабралася каля моладзевай кампаніі, каб прачытаць лекцыю па аўтэнтычным беларускім фальклоры з выкарыстаннем інтэрактыўных элементаў у выглядзе папругаў, качэргаў і вырваных з платоў штыкецін.

Адзін сівенькі дзедзька нават стрэльбу часоў вайны 1654-1667 гг. прыцягнуў і з крыкам: “Не за гэта мы маскавітаў ваявалі, каб вы тут словы з даўніх песняў перайначвалі!” спрабаваў пацэліць у Прохара. Прысутныя людзі і карозія металу стрэльбы не дазволілі праліцца крыві. Моладзь збольшага зразумела сваю памылку і абяцалася ў час Купалля выправіцца. Пажывем пачуем!