Моцны дождж спаліў будку Шарыка

Была ў сабакі хата, ды ад дажджу згарэла

Сакрэтны аб’ект, якія ўшчыльную прылягае да месца здарэння. Знята схаванай у кішэню камерай вечаровага бачання

«Была ў сабакі хата, ды ад дажджу згарэла» – гэта беларуская прыказка сёння раптоўна атрымала практычную рэалізацыю ў вёсцы Мажджаліна.

Яшчэ зранку сабака Шарык, які належыць, загадчыку вадакачкі Піліпу Праабражэнскаму, меў прыгожую і ўтульную будку з усім выгодамі (уключна з бясплатным wi-fi). Аднак у абед пайшоў моцны халодны дождж, кроплі якога выклікалі ўзгаранне, і будка за лічаныя секунды ператварылася ў попел.

Пераляканы Шарык, што грыз у той час цукровую костачку і сядзеў на «аднакласніках», ратаваўся ад неспадзяванага феномена ўцёкамі і ўступленнем у добраахвотную пажарную дружыну. Полымя незвычайнага пажару, знішчыўшы сабачую будку, адразу знікла, хаця вельмі проста магло перакінуцца на драўляны плот, хляўчук і пачак туалетнай паперы.

Ні Шарык, ні яго гаспадар каментароў даваць не спяшаюцца. Паводле нашых крыніцаў з вадакачкі вядома, што Піліп збіраецца збудаваць свайму чатырохногаму сябру будку з сілікатнай цэглы. З той жа крыніцы вынікае, што сам сабака недвухсэнсоўна намякнуў, што хацеў бы яшчэ мець гараж пад сваю «тачку» (Lexus CT 200h).

Мы звярнуліся па каментар да знаўцаў паранармальных з’яваў Антося Капыцькі і Настассі Кыркоты, задаўшы толькі адно пытанне: «Што гэта было?». «Гэта была ўнікальная прыказка-прымаўкавая анамалія, калі спраўджваецца змест пэўнаай прыказкі ці прымаўкі. Прырода гэтай з’явы дагэтуль застаецца маладаследаванай», – патлумачылі яны, зазірнуўшы краем вока ў «Энцыклапедыю юных суркоў».

Застаецца толькі цешыцца, што ў Мажджаліне спраўдзілася прымаўка пра сабачую хату, што згарэла ад дажджу, а не пра Чырвоную Армію і нешта там такое.