Мальвіна і ўсе, усе, усе


Журавы прыцягнуліся клінам
З мор паўднёвых да нашых балот.
Каля цырка стаяла Мальвіна
І рабіла каханку цэйтнот.

Набухалі на дрэвах пупышкі.
Графітысты стваралі кантэкст.
Гіпермаркет – свяцілішча зніжкі –
Прапаноўваў няякасны кекс.

На маршрутах кандуктаркі пелі
Пра любоў, камсамол і вясну.
Дадаваў кухар хмелі-сунелі
Ў супчык дня, што П’еро не лізнуў.

Шапацелі дажджы па дарогах.
Лялек вёў у бістро Карабас.
Карусель за любоўнай знямогай
Шкадавала пазычаных фраз.

Завісаў Бураціна ў фэйсбуку.
Выпускніцы глушылі шампан
За кахання цяжкую навуку,
За адзінства няўмольных славян.

Ля сабора стаяў недарожнік.
Над ракою плылі туманы.
Я паліў ліст твой першы й апошні
Ў прадчуванні сусветнай вайны.

2014 г.

Мальвіна і ўсе, усе, усе

Скарыстаны мінус Psychic Blood “Opening” (2009) з сайта вольнай музыкі jamendo.com