Маланка разбіла бітон з брагай. Ёсць пацярпелы

Усе мы з хат

Пабрацім прабітага маланкай бітона дагэтуль перабывае ў маўклівым шоку і каментараў не дае

Учорашняя залева з навальніцай не прайшла без наступстваў для саракапяцігадовай жыхаркі Мажджаліны Аксінні Кашчэўскай.

У той дзень яна намысліла гнаць самагон. Акурат перад пачаткам залевы жанчына пераносіла бітон з брагай з-пад паветкі да сябе ў хату. Моцны дождж заспеў яе напаўдарозе. Вяскоўка пакінула бітон пасярод падворку, а сама схавалася ад ліўня ў хаце. Меркавала, што ніхто на тую ёмістасць у такую непагадзь не пасквапіцца. Аднак праз прачыненыя весніцы бітон спрыкмеціў мясцовы аматар выпіць Купрэй Прасольны.

Невыпадкова празваны аднавяскоўцамі “Чалавекам дажджу”, ён шпацыраваў у час залевы па вясковых вуліцах. Угледзеўшы, бітон ён за сеткаю буйных кропель незаўважна шмыгнуў на падворак Кашчэўскай, скінуў з ёмістасці накрыўку і проста набгом стаў сёрбаць брагу. Не мінула і дзесяці секунд Купрэевага шчасця, як у бітон ударыла маланка.

Ад удару бітон падскочыў і надзеўся Прасольнаму на галаву. Калі б не дзірка, якую зрабіла ў бітоне маланка, апівош мог бы захлынуцца брагай. А так яна імкліва вылілася на зямлю. Зрэшты, вясковыя аналітыкі лічаць, што Купрэй ні ў якім разе не захлынуўся б, а “выжраў бы ўсю бражку без астачы”.

Так ці не, але мажджалінскі “Чалавек дажджу” ад падскоку бітона добра атрымаў у сківіцу. Дый ад Аксінні яму таксама дасталося. Яна выбегла з колікам і, гучна пракрыкваючы, ладна паабтрапала нягегламу злодзею бакі. Застаецца толькі цешыцца, што сусед Аксінні Парамон на крык не выклікаў АМОН.