Маладая спецыялістка згубілася ва ўласнай сумачцы

Чарадзейная сіла мастацтва МНС

Магчыма, што яшчэ сёння Дар’я будзе вось так ляжаць і чытаць стужкі навінаў пра здарэнне з ёй

Маладая настаўніца матэматыкі Дар’я Сумбурская, якая па размеркаванні прыехала працаваць у вёску Мажджаліна, не прыйшла сёння ў школу.

Адміністрацыя адразу падняла алярм, мяркуючы, што Дар’я плюнула і вырашыла ўцякаць ад размеркавання. Па вёсцы папаўзлі змрочныя чуткі. Вяскоўцы ўспомнілі шэраг трагічных здарэнняў з маладымі спецыялістамі і некаторымі тутэйшымі жыхарамі, якія адбыліся ў Мажджаліне цягам 1999 – 2000 гадоў. У знікненні Сумбурскай мажджалінцы ўбачылі вяртанне тых чорных часоў, якія на манер аднаго з тагачасных маладых спецыялістаў у вёсцы называюць не інакш, як “ліхі Fin de siècle”.

Прадстаўнікі праваахоўных органаў тэрмінова правялі агляд пакойчыку ў інтэрнаце, дзе жыла настаўніца. Усе яе рэчы былі на месцы. На стале ляжала сумачка, якая адразу прыцягнула ўвагу міліцыі. У сумачцы быў такі выключны беспарадак, што ў міліцыянтаў адразу ўзнікла версія: Дар’я Сумбурская магла згубіцца менавіта там – сярод памад, касметычак ды іншага дабра. Праведзеныя аператыўнікамі следчыя дзеянні пацвердзілі слушнасць гэтай версіі.

Быў выкліканы нарад ратавальнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Выкарыстоўваючы спецыяльную тэхніку, яны здолелі выцягнуць бядачку, якая згубілася ва ўласнай сумачцы. Выявілася, што ўранні перад зыходам у школу, маладая спецыялістка захацела праверыць, ці ёсць у сумачцы яе любімы нататнік. Аднак пошукі яго зацягнуліся, а сама дзяўчына заблукала сярод усіх тых рэчаў, якія ляжалі ў яе сумачцы.

Мы хацелі звярнуцца да Сумбурскай па каментар, але тая адмовілася, спаслаўшыся на тое, што складае важны план-канспект. Застаецца толькі цешыцца, што пасля здарэння працаздольнасць у размеркаванай анічуць не зменшылася.