Нядаўна ў жыхарам вёскі Мажджаліна стала вядома пра з’яўленне беларускага эпізоду амерыканскага серыяла «Covert Affairs», дзе расказваецца пра сакрэтных агентаў жаночага полу, якіх затрымалі ў Беларусі. Паводле сцэнару беларускімі вайскоўцамі, якія ў серыі выглядаюць не вельмі прывабна, камандуе нехта Макс Купала (Max Kupala). Згадка ў фільме апошняга асабліва абурыла вяскоўцаў.
Нашумелыя кадры з беларускага эпізоду «Covert Affairs»: «За Беларусь! За великие белорусские команды!». І «Купалінка» у прыдачу
Рэч у тым, што Максім Купала – гэта адзін з юных жыхароў вёскі, які днямі адправіўся служыць ва ўзброеныя сілы. Зараз ён знаходзіцца на абласным зборным пункце ў Гомелі, чакаючы размеркавання ў адну вайсковых частак. Нам удалося звязацца з ім і спытаць, што ён думае пра беларускі эпізод «Covert Affairs». «Я думаю, што гэта спланаваная правакацыя. Нехта са сцэнарыстаў яўна палазіў па маёй старонцы ў Facebook, якую я вяду па-англійску. Там я неаднойчы пісаў, што хачу служыць у беларускай арміі, вывешваў фоткі з ваенна-патрыятычных гульняў, якія ладзіліся пры нашай школе. Магчыма, амерыканцам гэта здалося смешным, і яны вырашылі пазычыць маё імя і прозвішча ў сваіх мэтах. Але, калі яны хацелі абсмяяць мяне ці ўсіх нас, то хай ведаюць, што ў іх нічога не атрымалася!», – заявіў юны мажджалінец.

Максім Купала яшчэ ў школьныя гады рыхтаваўся да сяржанцкай вучэбкі
У суд на аўтараў серыялу «Covert Affairs» Максім Купала падаваць не збіраецца. Сваёй задачай на бліжэйшы час ён бачыць залічэнне яго ў сяржанцкую вучэбку, пасля якой ён усё ж будзе падаваць, але не ў суд, а каманды. Ужо зараз хлапец выпрацоўвае камандзірскі голас і карыстаецца даверам прапаршчыкаў і афіцэраў абласнога зборнага пункту. Раз з іншымі прызыўнікамі Максім вывучыў вайсковую маршавую версію «Купалінкі» – там, дзе Купалінка «кветачкі рвала, аўтамат збірала».
Вось такі ён – будучы сяржант Максім Купала. Застаецца толькі цешыцца, што кінематаграфісты з Албаніі не зазірнулі на яго старонку ў Vkontakte, якую хлопец вядзе па-албанску, прапагандуючы здаровы лад жыцця і народную медыцыну.