Мая малітва / верш – Янка Купала / rap, lo-fi


У трэку гучыць наступная кампіляцыя вершаў Янкі Купалы з аднолькавай назвай “Мая малітва” 1906 і 1912 г.:

Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,
Распетаю буду маліцца душой,
Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі
Ўжо больш не шалелі над роднай зямлёй.

Я буду маліцца да яснага сонейка,
Няшчасных зімой саграваць сірацін,
Прыветна па збожных гуляючы гонейках,
Часцей заглядаці да цёмных хацін.

Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,
Распетаю буду маліцца душой,
Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі
Ўжо больш не шалелі над роднай зямлёй.

Я буду маліцца да хмараў з грымотамі,
Што дзіка над намі гуляюць не раз,
Каб жаль над гаротнымі мелі бяднотамі,
Градоў, перуноў не ссылалі падчас.

Малюся я небу, зямлі і прастору,
Магутнаму Богу – Усясвету малюся,
Ва ўсякай прыгодзе, ва ўсякую пору
За родны загон Беларусі.

Я буду маліцца да зорак і жаліцца,
Што гасяць сябе надта часта яны,
Бо чуў, як якая з неба з іх зваліцца,
З жыцця хтось сыходзе на вечныя сны.

Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,
Распетаю буду маліцца душой,
Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі
Ўжо больш не шалелі над роднай зямлёй.

Я буду маліцца да нівы ўсёй сілаю,
Каб лепшаю ўродай плаціла за труд,
Збагаціла сельскую хату пахілую,
Надзеі збытымі убачыў наш люд.

Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,
Распетаю буду маліцца душой,
Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі
Ня вылі над роднай зямлёй, нада мной.

Малюся я небу, зямлі і прастору,
Магутнаму Богу – Усясвету малюся,
Ва ўсякай прыгодзе, ва ўсякую пору
За родны загон Беларусі.

Заўвага скарыстаны мінус Cardio ft. Dee-MAC “DRAMMA” (2015) з суполкі бясплатных рэп-мінусоў vk.com/freeteam