Мабільны аператар зрабіў непрыемны сюрпрыз вяскоўцу

Позвони мне, позвони! Позвони мне ради бога!

З гэтымі тэлефонамі заўсёды што-небудзь здараецца. Як ты іх ні круці

Адзін з айчынных мабільных аператараў дужа азадачыў жыхара вёскі Мажджаліна дваццацігадовага Віталя Заазёрнага. Рэч у тым, што Віталь досыць часта звяртаўся на сваім мабільным тэлефоне да функцыі “Калькулятар”. Але ўчора, спрабуючы звярнуцца да яе, малады чалавек наткнуўся на непрыемны сюрпрыз.

Замест звыклага запуску калькулятара з’явілася паведамленне мабільнага аператара аб тым, што функцыя “Калькулятара” заблакавана ў сувязі адмоўным балансам карыстальніка. Аператар патрабаваў ліквідаваць запазычанасць і абяцаў вярнуць патрэбную Віталю функцыю толькі пасля пагашэння запазычанасці.

“Я не ведаю, якім чынам мне ўдалося накарыстацца калькулятарам да балансу ў мінус 350 тысяч беларускіх рублёў. Будзьма разбірацца”, – паведаміў нам Заазёрны. Ён мяркуе, што запазычанасць магла ўтварыцца з-за таго, што даваў пакарыстацца калькулятарам сваёй сяброўцы Аліне Збароўскай.

У прэс-службе мабільнага аператара (мы свядома не называем яго) каментаваць гэты выпадак адмовіліся, спасылаючыся на трэці частку 3 пункта 25 закона подласці ў рэдакцыі 1864 г. Застаецца толькі цешыцца, што абышлося без спасылак на законы Хамурапі і інструкцыю па дрэсіроўцы кракадзілаў ва ўмовах нізкага атмасфернага ціску.