Легендарную сацыяльную сетку выставілі ў вёсцы Мажджаліна

К чорту iх межы! К д'яблу гранiцы! Нашы тут гонi, бары!

Вясковая моладзь з ахвотай дакранаецца да жывой гісторыі

У вёсцы Мажджаліна на агульны агляд была выстаўлена знакамітая тутэйшая рэліквія – старая рыбацкая сетка, якой некалькі стагоддзяў.

Мясцовыя старажылы сцвярджаюць, што мажджалінская сетка была вядома задоўга да рэвалюцыі 1917 года і нават да скасавання прыгоннага права ў 1861 годзе. Паводле вясковай легенды “за каралём Сасам” (г.зн. у XVIII ст. падчас каралявання ў Рэчы Паспалітай Аўгуста Моцнага) рыбак Ходзька з дапамогай гэтай сеткі паланіў лясную пачвару, якая перад тым захапіла Мажджаліну, патрабуючы адрабляць у сваю карысць паншчыну, сплочваць дзякло і чынш, даваць права першай шлюбнай ночы. Паланіўшы ненавідную істоту, Ходзька без паліткарэктнасці ўтапіў яе ў балоце.

У канцы XVIII ст. іншы рыбак, якога так і звалі – Рыбак, лавіў гэтай сеткай зоркі, што падалі з неба ў Чорнае возера. Калі верыць старым, ён рабіў гэта для царыцы Кацярыны ІІ, якая ехала праз наш край. Рыбак і сапраўды здолеў дастаць са дна возера зоркі, але не нябесныя, а тыя, якія ў якасці ўзнагарод насілі расійскія палкаводцы. Царыцы гэта не спадабалася, і яна загадала схапіць і пакараць Рыбака. Але той не даўся, згроб памагатых імператрыцы сеткай ды закінуў на Месяц. Згодна з тутэйшымі ўяўленнямі яшчэ і сёння на Месяцы можна пабачыць хеўру кацярынінскіх стражнікаў, фаварытаў і чыноўнікаў.

У 1863 годзе рыбак, чыё імя, на жаль, забылася, паставіў гэтую сетку на Дняпры і злавіў вялізнага вадзянога яшчара. Яшчарам потым займаліся жандармерыя і войска замест таго, каб шукаць падазроных (“неблагонадежных”) асобаў, звязаных з удзелам у паўстанні пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

Цікава, што ў 1938 годзе сетка была перапраўлена ў Заходнюю Беларусь для нарачанскіх рыбакоў, якія ў той час баставалі супраць свавольства польскай адміністрацыі. “Мы аддамо гэтую сетку нашым братам на знак салідарнасці з іх сацыяльнай барацьбой. Калі хочаце, можаце нават назваць нашу сетку сацыяльнай!” – заявіў перад адпраўкай у Заходнюю Беларусь тагачасны мажджалінскі актывіст Ігнат Сырніцкі.

Значна пазней, прайшоўшы многія нягоды і выпрабаванні сетка вярнулася ў Мажджаліну і да гэтага часу знаходзілася ў запасніках вясковага музею. Застаецца толькі цешыцца, што гэты ўнікальны прадмет вернуты народу. Хай сабе і ў якасці жывога экспанату пад адкрытым небам.