Лятучыя пірагі паднялі ў паветра авіяцыю тэрытарыяльнай абароны

Лятучыя пірагі паднялі ў паветра авіяцыю тэрытарыяльнай абароны

Карцінка для прыцягнення ўвагі. У дзядзькі Альберта такога касцюма няма. Зрэшты, хто яго ведае…

Сёння а 12 гадзіне ў небе над вёскай Маджаліна былі заўважаныя невядомыя лятучыя аб’екты. Іх паходжанне адразу высветліць не ўдалося. Але сілы тэрытарыяльнай абароны паднялі ў паветра “кукурузнік”, абсталяваны сакрэтнай зброяй “Палец Будды” (толькі нікому не кажыце!).

Маждалінскі лётчык-кулямётчык Сяргей Галабровы высветліў, што над вёскай лятуць не талеркі, а пірагі. Да таго ж ляцелі яны не з блізкага космасу ці боку дзяржаўнай мяжы, а з хаты Альберта і Мальвіны Смакоўскіх. Больш дэталёвы разгляд справы выявіў, што забракаваныя жончыны пірагі ў паветра кідаў дзядзька Альберт. Кажуць, што пры гэтым ён прыгаворваў: “Першы блін сабаку, а кожны гадкі пірог загуменнай вароне ў рот”.

Інцыдэнт лічыцца вычарпаным. Праўда, дзядзька так і застаўся без абеда. Зрэшты, не бядуе: “Ад анарэксіі я не памру, бо ў мяне ў каморы сала і салёныя гуркі”.

Вось ён – сапраўдны народны аптымізм!