У новым альбоме Ланы Дэль Рэй не згадваюцца ні Гомель, ні гомельскае метро


Адна з самых яскравых амерыканскіх поп-спявачак новага тысячагоддзя Лана Дэль Рэй (Lana Del Rey) 21 ліпеня 2017 года выдала свой пяты студыйны альбом. Альбом атрымаў назву “Lust for Life“, што на беларускую можна перакласці як “Прага жыцця“.

Спявачка працавала над новай праграмай у супрацоўніцтве з такімі прадзюсарамі, як Рык Ноуэлс, Эміль Хэйн, Бэні Бланка, Кіерон Мэнзіес, Макс Марцін. Альбом быў выдадзены на лэйблах Interscope і Polydor.

У прэсе адзначаецца, што ў новай кружэлцы Лана Дэль Рэй здзяйсняе сімвалічнае вяртанне да каранёў. Пасля эксперыментаў з каліфарнійскім гучаннем на папярэдніх рэлізах гэты стаў нью-ёркскім па духу. Фірмовы футурысцкі рэтра-саўнд ад згаданых прадзюсераў разбаўлены нечаканымі камео ад зорных гасцей з іншаземных абласцей: у запісе ўзялі ўдзел The Weeknd, A$AP Rocky, Playboi Carti.

Нам невядома пра якія каліфарнійскія эксперыменты ідзе гаворка. Пасля знаёмства з альбомам “Lust for Life” здаецца, што ён зроблены раўнюсенька так, каб крый божа не расплёскаць слухацкую любоў, выгадаваную ранейшымі песнямі. Нават памянёныя дуэты ў гэтым сэнсе мала што змяняюць.

Цікава зацеміць, што фінальны трэк “Get Free” у музычным сэнсе нагадвае варыяцыю культавай кампазіцыі “Creep” брытанскага гурта Radiohead. Прадучваем, што неўзабаве пра гэта не скажа хіба што адпеты гультай.

З іншага боку, гамяльчане не знойдуць у новым альбоме Ланы Дэль Рэй аніводным словам не прыгадваюцца Гомель ці гомельскае метро, што, безумоўна, трохі апанурвае, але, зрэшты, дазваляе атрымаць сваю асалоду ад песень.

З магчымасцямі далучыцца да прыўкраснага можна азнаёміцца тут.

Пытаннем жа бліжэйшага мясяца для нас з’яўляецца верагоднасць з’яўлення Ланы Дэль Рэй з нейкай сваёй песняй у адной серыяў трэцяга сезона культавага серыяла “Твін Пікс” (“Twin Peaks”), прэм’ера якога акурат адбываецца, выклікаючы абсалютна палярныя, контраверсійныя водгукі гледачоў і крытыкаў. Адметнай з’явай гэтага сезона сталі фінальныя сцэны асобных серый з удзелам розных музычных выканаўцаў. З гэтай прычыны з’яўленне ў серыяле каралевы сучаснае амерыканскае поп-музыкі можна лічыць спадзяваным. Што праўда, густы арэол сакрэтнасці вакол сезона не дае высветліць нічога, што тычылася б зместу наступных серыяў. Таму чакаем.

І не пакіне нас summertime sadness!