
Гэты артыкул напісаны адмыслова для Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Беларусь і суседзі: шляхі фарміравання дзяржаўнасці, міжнацыянальныя і міждзяржаўныя адносіны” (Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны, 21–22 красавіка 2016 г.).
Анатацыя: У артыкуле разглядаецца асаблівы від сацыяльнай памяці, выражаны паняццем памяць горада як асновасяжнай з’явы культурна-гістарычнай прасторы. На матэрыялах пераважна XVI – пачатку XXI ст. акрэслены шэраг вузлавых пытанняў фарміравання, развіцця і функцыянавання ў Гомелі памяці горада як сацыяльнага інстытута і інфармацыйнай сістэмы. Пастаўлена праблема аб прычынах функцыянальнага збою, у выніку якога інстытуалізаваныя формы памяці горада выяўляюцца няздольнымі да рэтрансляцыі назапашанага і даследаванага гомельскага наратыва на шырокае кола гараджан.

Пад культурна-гістарычнай прасторай варта разумець сукупнасць спароджаных ці справакаваных дадзеным горадам культурных і гістарычных феноменаў, якія характарызуюцца рознай ступенню актуальнасці ў канкрэтны перыяд гісторыі. Магчымасці культурна-гістарычнай прасторы звязаны з сацыяльнай памяццю, якая ў дачыненні да горада можа быць вызначана як памяць горада. З аднаго боку яна ўяўляе сабой сацыяльны інстытут, які ўключае ў сябе ўстановы культуры, музеі, архівы і іншыя інстытуцыянальныя формы арганізацыі, якія рэгулююць прастору гарадской культуры і яе суб’ектаў. З іншага боку – гэта складаная інфармацыйная сістэма, у якой дзейнічаюць асаблівыя заканамернасці захавання, пераасэнсавання і аднаўлення (рэтрансляцыі) інфармацыі аб мінулым. У ёй ствараюцца мнеманічныя праграмы інфармацыйнай дзейнасці, якія пэўным чынам суадносяцца з мнеманічным зместам вербальных (вусных і пісьмовых) і невербальных (напр., помнікаў архітэктуры і горадабудаўніцтва) тэкстаў [14].
Горад Гомель валодае сваёй адметнай культурна-гістарычнай прасторай, фарміраванне, развіццё, трансфармацыя і сучасны стан якой у цэлым звязана з асаблівасцямі яго (горада) гістарычнага лёсу і сучаснасці. Памяць горада як сацыяльны інстытут у Гомелі склалася даволі позна. Можна меркаваць, што ў XI–XVIII стст. функцыі адпаведных устаноў часткова выконвалі храмы і рэзідэнцыі гарадскіх уладароў, дзе захоўвалася разнастайная дакументацыя (“листы к твердости славное и святое памяти Королей Их милости”, “скрыни с правами тыми церковными”, “книги замку Гомелского”, “выписы” з іх), маглі існаваць скрыпторыі і, тэарэтычна, нават школы [6, с. 58, 200–201; 5, с. 54; 1, с. 42–45]. Пад кантролем царкоўных і свецкіх улад магло ажыццяўляцца складанне мясцовых летапісаў, але выразных указанняў на гэта ў гістарычных крыніцах пакуль не выяўлена. У кожным разе нават з наяўнай інфармацыі цяжка меркаваць аб спосабах рэтрансляцыі звестак з гісторыі Гомеля на розныя катэгорыі яго жыхароў і аб факце падобнай рэтрансляцыі як такой.
Відавочна, што напрацаваны на пэўных этапах існавання Гомеля гарадскі наратыў на працягу азначанага перыяду неаднойчы змяняў свой змест па прычыне войнаў, прыродных і іншых катаклізмаў (напр., пажараў у мірны час), эпідэмій. Гарадская традыцыя адрознівалася перарывістасцю. Пры такім раскладзе праблематычным выглядае пытанне, ці з’яўляліся арганічным элементам памяці горада веды гамяльчан другой паловы XVIII ст. (паваротны момант гомельскай гісторыі) пра радзімічаў, найбуйнейшым горадам племяннога саюза якіх у свой час быў Гомель. Звесткі пра радзімічаў утрымліваюцца ў розных рэдакцыях і спісах “Аповесці мінулых гадоў”, блытана сустракаюцца ў хроніцы М. Стрыйкоўскага, працы А. Нарушэвіча. Зрэшты, ці былі носьбіты гэтай інфармацыі ў Гомелі, невядома. Як невядома, ці існавалі ў гарадской памяці Гомеля таго ж часу звесткі пра “печать местьскую з гербом крыжа”, якую горад атрымаў 1560 г. прывілеям вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста, або пра яе гомельскія жыхары забыліся задоўга да сярэдзіны XVIII ст. Пытанне застаецца без адказу, арыгінал выявы герба дагэтуль не знойдзены, а сама падзея адсутнічае ў сучаснай гомельскай гарадской свядомасці.

Варыянт рэканструкцыі герба Гомеля 1560 г., якую абгрунтавана зрабіў вядомы даследчык геральдыкі Беларусі Анатоль Цітоў, не стаў афіцыйным сімвалам сучаснага горада.
У ХІХ – пачатку ХХ ст. у Гомелі адбывалася інстытуалізацыя культуры як такой, што знайшло сваё праяўленне ў адкрыцці і працы на розных адрэзках часу навучальных устаноў (ланкастэрская школа, прагімназіі, гімназіі, вучылішчы) і устаноў культуры (тэатр, бібліятэкі). Аднак без дадатковых даследаванняў цяжка сказаць, ці спрыялі яны інстытуалізацыі памяці горада, бо невядома, у якой ступені навучэнцы адукацыйных устаноў, карыстальнікі бібліятэк, наведвальнікі тэатра маглі там пачарпнуць веды з гісторыі Гомеля ці яго тагачаснага жыцця. Больш выразныя рысы інстытуалізацыі гарадской памяці назіраюцца ў дзейнасці беларускага асяродка т.зв. “Румянцаўскага гуртка” як правобраза навукова-даследчай установы, спецыялізаванай на краёвай (рэгіянальнай), але не выключна гомельскай, гісторыі [4, с. 146]. Так, у выданнях І. Грыгаровіча сярод крыніцаў па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага былі апублікаваны дакументы, якія маюць дачыненне і да Гомеля, а сярод фальклорных запісаў, зробленых З. Даленгам-Хадакоўскім, пэўная частка мае гомельскае паходжанне.
Гомель, яго гісторыя і актуальная на той час прастора паступова становяцца аб’ектамі рэфлексіі – публіцыстычнай і навуковай. У 1848 г. у часопісе “Иллюстрация” быў змешчаны артыкул В. Шабякіна “Несколько слов о местечке Гомле”, дзе аўтар паспрабаваў ахарактарызаваць Гомель таго часу і вызначыць адметнасці яго гістарычнага шляху. На мяжы стагоддзяў з’явілася кніга Л. Вінаградава, якая стала першай вядомай у сваім родзе спробай асэнсаваць лёс горада ад старажытных часоў да канца ХІХ ст. У той самы час актыўную збіральніцкую і даследчую дзейнасць вёў і Е. Раманаў. Вывучаючы з пункта гледжання археалогіі, гісторыі, этнаграфіі і фальклору беларускія губерні, ён немалую ўвагу надаў Гомелю з яго тагачаснымі ваколіцамі. Можна дапусціць, што вытокі іх даследчай актыўнасці звязаны з пачаткамі інстытуалізацыі гарадской памяці Гомеля. Разам з тым застаецца адкрытым пытанне аб шырыні ахопу гараджан, здабытымі навукоўцамі ведамі. Пра гэта маглі б часткова сведчыць звесткі пра распаўсюджанне тыражоў іх выданняў сярод жыхароў Гомеля і Гомельскага павета. Папярэдне ж можна выказаць меркаванне, што сам факт збору Е. Раманавым краёвых матэрыялаў, мог даваць імпульс для рэфлексіі (“роздуму аб гомельскім”) яго памочнікам, рэспандэнтам і іх асяродкам.

“Любовъ наша хорошая”: адна з народных песень, зафіксаваных у Гомелі другой паловы ХІХ ст. (“Белорусский сборник” Еўдакіма Раманава, 1885 г.)
Далейшае станаўленне гомельскай памяці горада як сацыяльнага інстытута звязана з навейшай гісторыяй. З 1919 па 1941 г. у Гомелі ці не ўпершыню з’явіўся комплекс спецыялізаваных устаноў, якія мелі магчымасць вывучаць, захоўваць і рэтрансляваць гарадскую гісторыю (краязнаўчы музей, абласная бібліятэка, педагагічны інстытут, тэатр, радыёстанцыя, рэдакцыі газет). Аднак спецыфіка таго часу, звязаная з разгортваннем культурнай рэвалюцыі і насаджэннем бальшавіцкай ідэалогіі, відавочна адбівалася на змесце памяці горада, уплывала на стан культурна-гістарычнай прасторы Гомеля. Гэта здзяйснялася ў рамках барацьбы з перажыткамі “старога рэжыму”, рэлігіяй і нават у сувязі з перабудовай часткі горада, якая суправаджалася адпаведнай ідэалагічнай рыторыкай. Так, у 1937 г. быў закрыты, а ў 1940 г. зруйнаваны касцёл Унебаўзняцця Найсвяцейшай Панны Марыі [2, с. 102–104]. Узведзены ў 1929–1931 гг. на месцы гарадскіх сядзіб дом-камуна абвяшчаўся будынкам новай формы арганізацыі жылля і побыта працоўных [5, с. 221]. Застаецца адкрытым пытанне, ці знаходзіліся ў той час сярод удзельнікаў інстытуалізаваных форм памяці горада людзі, якія выказваліся за захаванне тых ці іншых гарадскіх аб’ектаў.

Збудаваны ў ХІХ ст. па ініцыятыве Мікалая Пятровіча Румянцава каталіцкі касцёл быў закрыты і знішчаны пры савецкай уладзе ў міжваенны час (фота: katolik-gomel.by). Бачны на здымку ўнізе справа двухпавярховы будынак да нашага часу не захаваўся: быў знішчаны ці то ў гады Другой сусветнай вайны, ці то ў мірны час пры ўзвядзенні будынка тэлеграфна-тэлефоннага вузла сувязі (сёння будынак “Белтэлекам”).
Віхура Другой сусветнай вайны сур’ёзна закранула культурна-гістарычную прастору Гомеля і памяць горада. Але ў пасляваенныя гады ў Гомелі ўзніклі дзясяткі новых устаноў культуры, у дзейнасці якіх у той ці іншай ступені прысутнічаў рэгіянальны кампанент. Даследаванне гісторыі, этнаграфіі, фальклору, літаратуры Гомеля і Гомельшчыны ўзмацнілася, дзякуючы рэарганізацыі ранейшага педагагічнага інстытута ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт (1969 г.). Працай многіх навукоўцаў гэтай установы да нашага часу назапашаны вялікі масіў адпаведных ведаў. Аднак большасць дасягненняў па шматбаковым вывучэнні Гомеля застаюцца замкнутымі ў межах акадэмічнага асяроддзя, уплываючы пераважна на спецыялістаў і даволі вузкія колы зацікаўленых асоб па-за названым асяроддзем. Уплыў на масавую аўдыторыю гараджан практычна не заўважаецца.
Адным з яскравых прыкладаў таму з’яўляецца надзвычайна нізкая колькасць помнікаў гістарычным асобам і дзеячам культуры, звязаных з Гомелем. У Гомелі не святкуецца ні вызваленне горада вялікім князем Альгердам ад мангола-татараў, ні вяртанне горада ў склад БССР у выніку т.зв. “другога ўзбуйнення”. Сведчаннем слабасці ўплыву акадэмічнага асяроддзя на паўсядзённае разуменне гамяльчанамі свайго горада могуць служыць таксама ступень і характар прысутнасці гістарычнай тэматыкі ў сучасных песнях, прысвечаных Гомелю, змест якіх часта зводзіцца да стэрэатыпнага набору са спрошчанай схемы гомельскай гісторыі [9]. Аўтары канвертуюць у сваёй творчасці пэўны інфармацыйны згустак, што існуе навокал, узнікшы ў выніку пастаяннай шырокай рэтрансляцыі нейкай сукупнасці фактаў, вобразаў, стэрэатыпаў.

Рэперка Miss Fenix (Дар’я Галай, 1988 г.н.) у па-свойму шчымлівай песні “Мой город” называе Гомель “малышом” і “парнишей”, бядуе з усведамлення таго, які ён “маленький”, па сутнасці, наркае на бесперспектыўнасць жыцця ў ім, спадзяецца апынуцца ў “Мире, где на полках не стоят фигурки из глины // Вперемешку с фикусами и барашками фаянсовыми” (фота: vk.com, 2008 г.).
Як бачым наяўнасць інстытуалізаваных форм памяці горада не гарантуе апанавання масавай свядомасцю гараджан. Можна сцвярджаць, што гомельскі гарадскі наратыў у памяці горада як інфармацыйнай сістэме прысутнічае ў недастатковай ступені. Мноства вусных гарадскіх паданняў і легенд, якія ўмоўна можна абазначыць як сучасныя, дагэтуль не сабраны ў адзіны комплекс і не зведалі класіфікацыі. Гэта паданні пра незайздросны лёс дома, збудаванага з выкарыстаннем цэглы разбуранага касцёла, пра скульптурную кампазіцыю фантана, дзе фігуры пры поглядзе зверху ўтваралі свастыку, пра дэмантаж у парку фігуры Сталіна з помніка, дзе прысутнічала фігура Леніна і інш. [8]. Часта гэты пласт фальклору існуе ў невялікіх групах носьбітаў, не ахопліваючы агульнагарадскую свядомасць. Самымі вядомымі ў маштабе горада з’яўляюцца легенда пра паходжанне Гомеля (“Го! Го! Го! Мель!”) і паданні пра падземныя хады пад паркам і ракой Сож. Верагодна, што ў абодвух выпадках мы маем справу з вуснымі тэкстамі, якія сягаюць у часы не ранейшыя за “румянцаўскую эпоху”.
Ці існавалі больш архаічныя легенды пра заснаванне Гомеля, дакладнай інфармацыі няма. Краязнавец А. Рогалеў узгадвае “асколак” падання пра разбойніка Гома як легендарнага заснавальніка горада [12, с. 46]. Мы ж лічым, што легенды, якія маглі існаваць да канца XVIII ст., у ХІХ ст. паступова сцерліся з памяці горада і ўжо ў часы даследчай актыўнасці Е. Раманава гамяльчанам былі невядомыя. Гэты даследчык, збіраючы фальклор у Гомелі і наваколлі, падобнай легенды не зафіксаваў, толькі ў лісце да гісторыка літаратуры А. М. Весялоўскага перадаў змест “смутного предания” пра вёску Валатава (зараз – у межах Гомеля) і волатаў [3, с. 246]. З іншага ж боку легенды і паданні, звязаныя з горадам, маглі існаваць не толькі ў беларусаў і старавераў Гомеля і Гомельскага павета (асноўныя рэспандэнты Раманава і яго памочнікаў), але і ў яўрэйскім асяроддзі. Аднак, нягледзячы на тое, што колькасць яўрэяў (па роднай мове) паводле перапісу 1897 г. у Гомелі складала 20356 чалавек (55,4% ад усіх гамяльчан) [7, с. 254–255] іх культурная спадчына дагэтуль не зведала шырокага комплекснага даследавання, у т.л. і на наяўнасць гарадскіх легенд.
Разам з легендамі забываюцца і колішнія афіцыйныя і неафіцыйныя мікратапонімы. Назвы Каўказ, Амерыка, Свісток і некаторыя іншыя ў наш час хоць і не ўжываюцца для абазначэння гарадскіх тэрыторый, дзе яны бытавалі ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стст., але пра іх нярэдка ўзгадваюць краязнаўцы, публіцысты, яны рэгулярна фігуруюць у краязнаўчых конкурсах для школьнікаў. Такія ж назвы як Багуслаўскі фальварак, Гецьманка, Бэркаў хутар, Лібаўскі гарадок, Красная Грыва ў масавай гарадской свядомасці адсутнічаюць. Зрэшты, паралельна працэсам забыцця адных мікратапонімаў адбываецца з’яўленне іншых: Стары Аэрадром, Кітайская Сцяна, Пентагон, Лінія. Пры гэтым узровень самарэфлексіі жыхароў Гомеля як гараджан даволі нізкі, пра што сведчаць безыменнасць многіх гарадскіх аб’ектаў (напр., мастоў, вострава на р. Сож), наяўнасць вялікай колькасці безаблічных нумарных назваў мікрараёнаў (напр., 17-ы, 104-ы), адсутнасць ходкіх жартаўлівых найменняў для помнікаў і іншых славутасцяў горада.

Пераважная большасць пісьмовых вербальных тэкстаў, звязаных з Гомелем, у інфармацыйнай сістэме памяці горада прысутнічае ў нязначнай ступені. Літаратурныя творы пра Гомель, якія б лічыліся знакавымі для гамяльчан, у гарадской свядомасці адсутнічаюць. Гэта тычыцца рамана Ільі Эрэнбурга “Бурнае жыццё Лазіка Ройтшванеца” (1927), частка дзеяння якога разгортваецца ў Гомелі часоў нэпа, некаторых твораў Івана Шамякіна – напр., “Сэрца на далоні” (1964), “Атланты і карыятыды” (1974), дзе пазнаюцца пэўныя гомельскія рэаліі 1960–1970-х гг. Названыя творы маглі б стаць своеасаблівай літаратурнай візітоўкай Гомеля, адпраўным пунктам для насычэння культурна-гістарычнай прасторы горада новымі цікавосткамі (помнікамі па матывах сюжэтаў, экскурсійнымі маршрутамі, тэматычнымі кавярнямі), аднак іх актуалізацыяй на сёння займаюцца выключна энтузіясты.
Варта аддаць належнае навукоўцам і краязнаўцам, якія імкнуцца данесці розныя пласты гомельскай гісторыі да гараджан праз кніжныя і газетныя публікацыі, інтэрв’ю, публічныя выступы (А. Макушнікаў, А. Яшчанка, В. Марозаў, В. Лебедзева, Ю. Глушакоў, Я. Малікаў і інш.). Аднак разам з тым дагэтуль няма навукова-папулярнага выдання, якое ў фармаце падручніка расказвала б пра гісторыю Гомеля ад старажытных часоў да нашых дзён. Адсутнічае таксама і кніга, дзе былі б сабраны займальныя выпадкі з гомельскай гісторыі розных перыядаў.
Што тычыцца невербальных тэкстаў у гарадской памяці Гомеля, то і тут прысутнічаюць пэўныя асаблівасці. Заснаванне горада ў лясной зоне, знаходжанне па-за галоўнымі гандлёвымі шляхамі на доўгі час прадвызначылі спецыфіку яго архітэктурнага аблічча – асноўным матэрыялам на працягу, прынамсі, васьмі стагоддзяў тут была драўніна. І хаця ёсць археалагічныя сведчанні пра існаванне ў Гомелі на розных этапах гісторыі каменных ці каменна-цагляных забудоў (храмы), аж да другой паловы XVIII ст. нават рэзідэнцыі уладароў узводзіліся з дрэва (напр., перабудаваны дубовы замак князя Міхала Чартарыйскага). Улічваючы фізічныя ўласцівасці дадзенага матэрыялу і гістарычны кантэкст, у якім існаваў Гомель, верагоднасць захавання да нашых дзён будынкаў эпохі сярэднявечча ці першага перыяду Новага часу выявілася немагчымай. Адзіным выключэннем стала драўляная Ільінская царква 1793 г. Верагодна, што ў выніку перабудовы Гомеля пры Румянцавых, а таксама з прычыны пажару ў 1856 г. будынкаў, узведзеных раней канца XVIII ст., у Гомелі не захавалася. Тая ж Ільінская царкава ў 1898 г. лічылася сярод культавых пабудоў Гомеля найстарэйшай [13, с. 69].

Ільінская царква канца XVIII ст. на здымку 1974 г. (фота з суполкі “История Гомельщины в фото”).
Атрымліваецца, што архітэктурны кампанент культурна-гістарычнай прасторы Гомеля (нават у сённяшніх яго граніцах) вядзе свой адлік у лепшым выпадку з канца XVIII – пачатку XIX ст. Будынкі канца XVIII – першай паловы XX ст. пры ўмове іх захаванасці маглі б скласці архітэктурнае ядро гомельскай культурна-гістарычнай прасторы, якое здолела б адной сваёй прысутнасцю ўздзейнічаць на гараджан, а значыць выконваць ролю рэтранслятара ў інфармацыйнай сістэме памяці горада. Мусім пагадзіцца з расійскім даследчыкам Дз. Равінскім, які адзначыў, што “любы чалавек, апынуўшыся ў горадзе, зведвае ўздзеянні, якія, не ўспрымаючыся рацыянальна, афарбоўваюць усё ў спецыфічныя таны. Гравітацыйна-тэктанічнае ўздзеянне архітэктурных пабудоў, унутраная пульсацыя горада спрычыняецца да фарміравання асаблівых уласцівасцяў гараджан” [11, с. 411–412]. Аднак тое, што магло пры лепшым гістарычным раскладзе стаць такім ядром, да нашага часу дайшло ў надзвычай перафарматаваным выглядзе з прычыны войнаў, антырэлігійнай барацьбы, практыкі бяздумных разбурэнняў і перабудоў. Цяжка сказаць, гравітацыйна-тэктанічнае ўздзеянне якога кшталту робяць на гараджан гмахі “Гіпражыўмашу” і “Белтэлекаму”, узведзеныя ў гістарычным цэнтры (адпаведна ў 1974 і 1981 г.) за кошт зруйнавання гарадскіх сядзіб і іншых будынкаў канца ХІХ – пачатку ХХ ст. На жаль, практыка вызвалення тэрыторыі ад гістарычнай забудовы працягваецца і ў нашы дні. Зносяцца ці непазнавальна рамантуюцца дамы пачатку ХХ ст., адметныя сваім драўляным дэкорам. Праекты музейных кварталаў (скансенаў) застаюцца дыскусійнымі [10].

Скрыжаванне вуліцы Інтэрнацыянальнай і праспекта Леніна ў 1960-я гг. Злева трохпавярховы будынак, зруйнаваны дзеля пабудовы гмаху “Гіпражыўмаша” (фота з суполкі “История Гомельщины в фото”).
Такім чынам, нават абеглы агляд феномена памяці горада ў кантэксце культурна-гістарычнай прасторы Гомеля выяўляе шэраг праблемных момантаў, для раскрыцця якіх патрабуецца глыбокая даследчыцкая праца. Асобнае месца сярод іншых займае праблема функцыянальнага збою механізмаў рэтрансляцыі гарадскога наратыва. Яе вырашэнне ўяўляе не толькі даследчыцкі інтарэс, але і мае практычнае значэння для далейшага функцыянавання і развіцця культурна-гістарычнай прасторы Гомеля.
1. Белорусский архив древних грамот : [сборник]. – Москва : Типография С. Селивановского, 1824. – 148 с.
2. Васькоў, У. І. Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны : Гісторыя гомельскага дэканата / У. І. Васькоў ; навук. рэд. А. В. Белы, В. С. Пазнякоў. – Мінск: Про Хрысто, 2011. – 360 с.
3. Веселовский, А. Мелкие заметки к былинам / А. Веселовский // Журнал Министерства народного просвещения. – 1896. – Ч. CCCVI. – С. 235–277.
4. Гісторыя Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : Экаперспектыва, 2000–2008. – Т. 4 : Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVІІІ – пачатак ХХ ст.) / М. Біч [і інш.]. – 2005. – 519 с.
5. Гомель : Энцикл. справ. / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. – Минск: БелСЭ, 1990. – 527 с.
6. Макушников, О. А. Гомель с древнейших времён до конца XVIII в. Историко-краеведческий очерк / О. А. Макушников. – Гомель : РУП «Центр научно-технической и деловой информации», 2002. – 244 с.
7. Первая всеобщая перепись населения Российской империи, 1897 г. / под. ред. Н. А. Тройницкого. – Санкт-Петербург : Типография АО «Слово», 1903. – Вып. XIII : Могилевская губерния. – 276 с.
8. Пошукі старога Гомеля [Відэазапіс] : дакум. фільм / [Аўтары] М. Булавінская, С. Ляпін ; навук. кансульт. Ю. Панкоў, Я. Малікаў, У. Васькоў [Электронны рэсурс] – Рэжым доступу: https://www.youtube.com/watch?v=1WcWE7pM1tQ. – Дата доступу: 11.03.2016.
9. Прахарэнка, І. Стэрэатыпны вобраз Гомеля ў сучаснай песні / І. Прахарэнка, Н. Сідоранка ; навук. кір. С. А. Балахонаў, А. Н. Назаранка [Электронны рэсурс] – Рэжым доступу: http://www.mazdzalina.org/stereatypny-vobraz-homiela-u-sucasnaj-piesni. – Дата доступу: 25.02.2016.
10. Пригодич, Н. Не потерять бы лицо : В чем уникальность Гомеля? [интервью с Е. Маликовым и С. Кривошеевым] / Н. Пригодич [Электронный ресурс] – Режим доступа: http://gp.by/category/society/news15542.html. – Дата доступа: 10.03.2016.
11. Равинский, Д. К. Городская мифология / Д. К. Равинский // Современный городской фольклор. – Москва, 2003. – С. 409–419.
12. Рогалев, А. Ф. Гомель. Страницы истории, формирование улиц, местные тайны и загадки / А. Ф. Рогалев. – Гомель : Барк, 2014. – 248 с.
13. Романов, Е. Две надписи в церквах Гомельского уезда / Е. Романов // Сборник статей «Могилевских губернских ведомостей» / под ред. Е. Р. Романова. – Могилев–Губернский, 1900. – Вып. 1. – С. 69–71.
14. Устьянцев, В. Б. Культурно-историческое пространство крупного города: исходные структуры / В. Б. Устьянцев [Электронный ресурс] – Режим доступа: http://www.comk.ru/HTML/ustyancev_doc.htm. – Дата доступа: 25.09.2015.
Cultural and historical space of Homieĺ (Gomel) and urban memory (problem statement).
The article studies the special type of social memory named urban memory being a fundamental phenomenon of cultural and historical space. A row of key-questions of formation, development and functioning of urban memory in Homieĺ as a social institute and an information system is preferentially contoured on materials of the period between the XVIth and XXIst centuries. The issue about reasons of the functional failure resulted in the incapability of the institutionalized forms of urban memory to retranslate the accumulated and researched Homieĺ narrative to a wide range of citizens is raised.
Заўвага: падбор ілюстрацый да артыкула ажыцёўлены адмыслова для гэтай інтэрнэт-публікацыі.
7.07.2016 г.