Краязнавец высветліў радзіму дыпламаванага барана

Ў адным сяле (не важна — дзе)

Дыпламаваны баран Бараш. Меркаваны фотаздымак канца 1920-х гадоў

«Ў адным сяле (не важна – дзе) Хадзіў Баран у чарадзе.», – усе мы добра памятаем радкі з байкі Кандрата Крапівы пра дыпламаванага барана. А вось настаўнік гісторыі мажджалінскай школы Юрась Неспакойны не проста іх помніць, але яшчэ і вызначыў, пра якое сяло ў байцы ідзе гаворка.

Ён звярнуўся да архіваў ды народных расказаў і высветліў, што дыпламаваны баран жыў у 1920-я гг. у (ну, вы здагадаліся? – рэд.) вёсцы Мажджаліна. На мянушку ён быў Бараш, а нораў меў амаль дакладна такі, як у байцы.

Ў адным сяле (не важна — дзе)

Экстравагантны кіраўнік мажджалінскай пярвічнай ячэйкі КП(б)Б , інтэрнацыяналіст Конрад Капыцька ратуе качанят ад дыпламаванага барана

«Бараш той і сапраўды быў наравістым, – расказвае Неспакойны. – Бегаў па вёсцы. Бухаўся ілбом у розныя сцены і платы. Вяскоўцы, нават з ліку камсамольцаў і партыйных работнікаў, баяліся з’яўляцца на вуліцах. Аднойчы баран разагнаў паседжанне камітэта беднаты. У другі раз ледзь не сарваў працу камісіі па збору харчпадатку. Дзецям у школу замінаў хадзіць. Адным словам, быў непажаданым элементам. Таму ім зацікавілася ГПУ, з мангалаў якога Бараш ужо ніколі не выбраўся».

Ў адным сяле (не важна — дзе)

Каб арыштаваць дыпламаванага барана, супрацоўнікам ГПУ давялося добра схітрыцца

Юрась Неспакойны працягвае збіраць матэрыялы пра жыццё і дзейнасць Бараша. У гомельскім архіве краязнавец адшукаў барановы дыплом. Высветлілася, што гэта ніякая не мета, як напісана ў байцы Крапівы, а сапраўдны дакумент цыркавога артыста.

Настаўнік збіраецца прыцягнуць да пошукавай дзейнасці сваіх вучняў. Частка з іх ужо рыхтуе тэматычны стэнд, поўнасцю прысвечаны Барашу.

Ў адным сяле (не важна — дзе)

Вучнёўская група ў захапленні ад краязнаўчай працы

Застаецца толькі цешыцца, што вясковыя настаўнікі здатныя на такія адкрыцці. «Яшчэ і не на такія!» – удакладняе Неспакойны.