Кот Жыгімонт пра свае любімыя песні

Наша рэдакцыя вырашыла пайсці на эксперымент і адкрыць рубрыку «Любімыя песні жыхароў нашай вёскі». А паколькі эксперыменты зазвычай праводзяцца на жывёлах, то мы вырашылі першым пра песенныя упадабанні запытаць у ката Жыгімонта.

Доўга аднекваючыся, кот Жыгімонт усё ж назваў тройку сваіх любімых песень.

1. «Мне падабаецца песня Аляксандра Рыбака пра чорную маланку. Я сам трошкі рыбак, а адну з маіх колішніх дзяўчын так і звалі – Чорная Маланка. Очынна рамантычна, значыць».

2. «А яшчэ мне дужа смакуе нямецкая песня “Амур” гурта Rammstein (божа, я гавару нямецкімі буквамі!). Я не знаю, пра што яна. Сусед маёй гаспадыні, хоць і кажа, што ён немец пераадзеты, але нічога, апроч “хэндэ хох” і “Гітлер капут” не ведае. Я сам спрабаваў залезці ў слоўнік і перакласці, але мой правайдар закрыў доступ у пакой з кніжнай шафай. Але я думаю, што песня пра нашу каціную долю. Я сам, бывае, выйду на вуліцу і пачну: “Амуррррр-мурррр-мурррр”. Некаторых котачак аж за сэрца бярэ».

3. «З беларускіх песня Янкі Маўзера “Калыханка” мне шорсць дыбам ставіць. Я не зусім разумею, чаму так робіцца. Здаецца ж, калыханка – значыць, павінна ўсыпляць. Але ж мне ад яе не спіцца. Бывае крукну напарстак валяр’янкі, устаўлю ў вушы слухаўкі з гэтай песняй, сяду на падваконне, закутаюся ў плед, гляджу на сумны восеньскі дождж і думаю: “Трасца, які ж я доўбня, што закусончык забыў узяць”».

Такі ён кот Жыгімонт. Калі рубрыка вам спадабалася, то чакайце працягу. Калі ж не, то мы ўсё адно пра гэта не даведаемся. Вы ж такія маўклівыя.