
Кот Жыгімонт у чарзе да банкамата. Горад Гомель, рог вуліц Савецкай і Перамогі
Пяць дзён адсутнічаў дома кот Жыгімонт з вёскі Мажджаліна. Яго гаспадыня Варвара Ліцыніеўна Радзькоўская ўжо наплакалася аднавяскоўцам з гэтай нагоды і спрабавала раскруціць міліцыю на распачынанне агульнарэспубліканскага вышуку свайго гадаванца. І вось сёння ў абед кот Жыгімонт юрлівай паходкай прыцягнуўся ў родныя пенаты.
Гаспадыня была настолькі усцешаная яго з’яўленнем, што нават забыла яго адчыхвосціць дручком, як збіралася перад тым. Але ад ейных роспытаў кацяра не адкруціўся. Давялося расказваць, што ў пятніцу апошнім дызелем разам з выпадковымі сябрамі ён з’ехаў у Гомель на «Сожскі карагод» і Дзень горада.
У суботу-нядзелю кот Жыгімонт шлындаў па горадзе, выглядаў танцорак, набываў шашлык і валяр’янку на разліў, скакаў з «чувіхай клёваю», назіраў грандыёзны феерверк. Адным словам, кот пачуваўся сапраўдным чалавекам, у той самы час, калі Варвара Ліцыніеўна глытала пігулкі і складала планы росшука свайго чацвераногага сябручка.
Панядзелак і аўторак выдаліся для Жыгімонта дужа складанымі. Панядзелкавым ранкам ён завітаў у гіпермаркет, каб купіць таблетак ад галаўнога болю, выкліканага валяр’янкай. Заезныя расіяне палічылі яго за арыгінальны беларускі прамысловы выраб, прабілі на касе разам з тысячамі іншых набыткаў і павезлі ў кірунку Навазыбкава. Кот мусіў прыбегнуць да хітрасці – усю дарогу распавядаў пра войны паміж Вялікім княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай. Расійцы ледзьве яго не прыстукнулі за непрыемныя для сябе лекцыі. Але кот здолеў ухіліцца ад удару і ўцёк у лес.
Праз восеньскі лес Жыгімонт мусіў ісці аж да самае серады. Па дарозе хітрун займаўся паляваннем, збіральніцтвам і бодыбілдынгам. Гэта, як таксама і арыентацыя па мурашніках ды мохавых нарастах на дрэвах, дапамагло яму малой крывёй дайсці да радзімага парогу. Застаецца толькі цешыцца, што ва ўсіх абставінах кароны з галавы Жыгімонта так і не ўпала. Прыклад для многіх.