
Як мяркуюць асобныя айчынныя даследчыкі, на карціне фламандскага мастака Квенціна Масэйса «Выродлівая герцагіня» (бл. 1513 г.), магла быць адлюстравана жыхарка вёскі Мажджаліна Тэкля Безназоўная, якая збегла ў Заходнюю Еўропу ці то з нямецкім вайсковым наймітам, ці то з дацкім вандроўным акторам
Жыва адгукнулася пэўная частка жаночай паловы жыхароў Мажджаліны на высновы амерыканскіх навукоўцаў аб тым, што храпуць толькі прыгожыя жанчыны.
Гэтае ажыўленне характэрна для найбольш эмансіпаваных жанчын вёскі рознага веку, якія не лесцяць самім сабе і не лічаць, што валодаюць правільнымі рысамі твару і эталоннымі формамі цела. Большасць з іх храпе амаль кожную ноч. Таму жанчыны абураныя тым, што вучоныя з універсітэта ў штаце Каларада фактычна абазвалі іх прыгажунямі.
“Етым амерыканцам няма чаго рабіць. Калі ўжо гнуць палку, дык у такую дугу, што ні каня запрэгчы, ні пану Струве паказаць. Луччай бы ў етым Каларадзе нешта ад жукоў каларадскіх вынайшлі. Ото было па-настаяшчаму красіва і абшчэственна-палезна”, – патлумачыла нашаму сайту сваю пазіцыю і пазіцыю шэрагу сваіх аднавясковак Амелія Зотаўна Мяркульская.
Застаецца толькі цешыцца, што жанчыны не прынялі гэтую абразу блізка да сэрца і не сталі закідваць лістамі гневу ні Барака Абаму, ні генеральную асамблею ААН. А маглі б жа ж…