Каўказскі абсэнт


Сяргей Балахонаў. Песні з ненапісанага рамана альтэрнатыўнай фантастыкі

Апошні бой
выконваецца на матыў песні М.Ножкіна “Последний бой”
Мы так даўно, мы так даўно не спачывалі.
Не да спачыну проста нам было з табой.
Мы паў-Еўропы па-пластунску прааралі,
І заўтра, заўтра – вось ён час! – апошні бой.

Яшчэ хоць трохі, яшчэ крыху
Апошні бой – няпросты самы.
А я дадому у снах бягу,
Я так даўно не бачыў маму.
А я дадому ў Літву бягу,
Бягу у снах пабачыць маму.

Чацвёрты год няма жыцця ад гэтых ганцаў,
Чацвёрты год салёны пот і кроў ракой,
А мне б у файную дзяўчынку закахацца,
А мне б крануцца да маёй Літвы рукой.

Яшчэ хоць трохі, яшчэ крыху
Апошні бой – няпросты самы.
А я дадому у снах бягу,
Я так даўно не бачыў маму.
А я дадому ў Літву бягу,
Бягу у снах пабачыць маму.

Апошні раз самкнемся заўтра ў рукапашнай,
Апошні раз Радзіме зможам паслужыць,
А за Літву і паміраць саўсім нястрашна,
Хоць спадзяецца, пэўна, кожны з нас дажыць.

Яшчэ хоць трохі, яшчэ крыху
Апошні бой – няпросты самы.
А я дадому у снах бягу,
Я так даўно не бачыў маму.
А я дадому ў Літву бягу,
Бягу у снах пабачыць маму.

Альбэрціна
паводле і на матыў песні Сяргея Нікіціна “Аляксандра”
Да ладу ўсё даводзілі,
Паціху Вільню ўзводзілі.
Рабіла Вільня пільна ўсё.
Любіла, як калі.
Пяшчотаю заснежана,
Лістотаю скунежана,
Цяпло дае вандроўніку,
А дрэўцу – кус зямлі.

Альбэрціна, Альбэрціна,
Гэта наша з табой места,
Сталі мы ягоным зместам,
Яго лёсам незнарок.
Зазірні яму ты ў вочы:
Места шчасце нам прарочыць.
Вось і стаўся заручальным
Трактаў віленскіх вянок.

Каліны Вільню красілі,
Дубы навокал княжылі,
Ды клёны пераважылі
Самохаць параслі.
Не марна Вільня думае,
Прыбрацца ў лісце шумнае,
Тут знойдзе дрэва юнае
Свой лапічак зямлі.

Альбэрціна, Альбэрціна,
Што кружляе перад намі?
Клёны кідаюць лістамі,
Па-над брукам вальс імкне.
Клён даўненька стаў шляхетным.
Вальсам віленскім адметным
Ён красуе, Альбэрціна,
Дорыць смех табе і мне.

Трывогі Вільню краталі,
Муры яе шмат бачылі,
Ды беды ўсе і немачы
Міналі зноў а зноў.
Любоўю неўрачыстая,
Ды верная а чыстая,
Панежа мацярынская
У Вільні к нам любоў.

Альбэрціна, Альбэрціна,
Гэта наша з табой места,
Сталі мы ягоным зместам,
Яго лёсам незнарок.
Зазірні яму ты ў вочы:
Места шчасце нам прарочыць.
Вось і стаўся заручальным
Трактаў віленскіх вянок.
2005 г.