Вельмі крута павярнулася жыццё мажджалінскага кладаўшчыка Сямёна Аўтахтоненкі, які набыў з рук у заезных гандляроў вінтажны касцюм-тройку і гальштук. Як толькі вясковец апрануўся ў яго і павязаў гальштук, спяшаючыся ў госці да незамужняй рэтраманкі Адэлі Ніськаўцовай, адбылося неверагоднае. Галава кладаўшчыка ператварылася ў галаву дапатопнай рэптыліі.

У новым вобразе вясковец пагаджаецца здымацца толькі на чорна-белыя фатаграфіі і толькі з рэтра-піпкай, якую яму падарыла сяброўка
Убачыўшы сябе ў такім выглядзе ў люстэрку, Сямён вельмі заперажываў, што спатканне з сяброўкай не адбудзецца. Сам выклікаў хуткую дапамогу, ратавальнікаў і дух Чарльза Дарвіна. Тыя, аднак, нічым дапамагчы не змаглі, спаслаўшыся на тое, што здарэнне паза іх кампетэнцыяй.
Цяпер Аўтахтоненка чакае прыезду спецыялістаў з Мінску. Яны збіраюцца вызначыць від дыназаўра, чыя галава замяніла галаву вяскоўца, і, адпаведна, дадуць заключэнне: драпежны ён ці траваедны. Да гэтага заключэння кладаўшчык харчуецца выключна грыбамі.
Група іншых сталічных навукоўцаў будзе даследаваць яго касцюм і гальштук. Сямён прытомнасці духу нічуць не губляе, настрой мае надзвычай філасофскі. «Калі касцюм-тройка дае табе галаву дыназаўра, то што тады дасць жыгуль-дзявятка?» – жартуе ён.
Цікава, што Адэля Ніськаўцова толькі ўсцешылася новым іміджам свайго бойфрэнда (баявога таварыша). «Дыназаўры – гэта такое рэтра, ажно дух займае! Вельмі рамантычна», – пракаментавала яна, несучы Сямёну звязку сушаных грыбоў. Застаецца толькі цешыцца, што раптоўныя анамаліі не замінаюць сапраўдным пачуццям. Дык жа, свяці, кахання чыстая краса!