Каровы пераймаюць вопыт беларускіх правайдараў

Каровы пераймаюць вопыт беларускіх правайдараў

«Парог забірання малака перавышаны. Хуткасць даення зніжана»

На малочнай ферме вёскі Мажджаліна зафіксавана рэзкае зніжэнне хуткасці даення кароў. Што ручны, што машынны спосабы сёння прыносілі адзін і той жа вынік – замест звычайных малочных струменяў ці плыняў рагулі давалі толькі мізэрныя кроплі. Працаўнікі фермы западозрылі нейкую немач, што ахапіла ўвесь кароўскі статак. Адміністрацыя сельскагаспадарчага акцыянернага таварыства «Акцыянерны плуг» западозрыла, што працаўнікі фермы або кепска спраўляюцца са сваёй работай, або лоўка крадуць малако, спісваючы яго адсутнасць на хваробу кароў.

На ферму тэрмінова прыбыла камісія, каб праверыць версіі знікнення малака. На месцы высветлілася, што малако нікуды не прапала, застаючыся ў кароўскіх цыцках. Аднак выдаваць яго напоўніцу жывёлы рашуча адмаўляюцца. Кароўка Зорка, якая прэтэндуе на лідарства сярод сваіх рагатых сябровак, заявіла: «Парог забірання малака перавышаны. Хуткасць даення зніжана».

З гэтай, на першы погляд дзіўнай, заявы вынікае, што каровы мажджалінскай фермы пачалі пераймаць вопыт беларускіх правайдараў з іх практыкай абмежаваных безлімітных тарыфаў. Магчыма, што на гэта каровак падбілі быкі з красамоўнымі мянушкамі Байфлай і Шпаркі Дамавік. Камісія разбярэцца.