Пра гэта заявіла загадчыца сельскага клуба Софія Нічыпараўна Бушлатава. На нашу просьбу яна двойчы праверыла план культурна-масавых мерапрыемстваў, але гурта N.R.M. у ім так і не знайшлося.
Мы пацікавіліся, ці не фігуруе часам гэты гурт пад назвай з кірылічнымі літарамі – Н.Р.М. Софія Нічыпараўна доўга расказвала нам пра святых Кірыла і Мяфодзія, але назвы ў спісе не знайшла.

Софія Нічыпараўна, як бы спявае ў думках: «Лепей ня будзе, будзе толькі горш. Ад панядзелка льецца дробны дождж»
«А можа вы раскладку на кампутары не памянялі? І ў вас у спісе гурт значыцца як Т.К.Ь.?» – схапіліся за саломінку мы. Спадарыня Бушлатава адказала: «Гэта ў вас там кампутар, а у нас камп’ютар. “Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” трэба вучыць, а не цікавіцца зменай раскладак. Яшчэ раз паўтараю, што ў плане мерапрыемстваў ваш EMINEM не стаіць».
Пасля прамоўленага загадчыца клуба павесіла трубку. Застаецца толькі цешыцца, што пад руку ёй падвярнулася менавіта трубка, а не якая-небудзь слухаўка.