Калядныя прыгоды казы


За палямі, за лясамі, за рачнымі берагамі, на дальняй старане старой воласці Гомельскай жыла сабе каза. Хадзіла, гуляла, траву шчыпала, песні спявала:

Го-го-го, каза!
Го-го, шэрая,
Го-го, белая!
Дзе каза рагом,
Там жыта стагом,
Дзе каза нагой,
Там жыта капой.

Як прыйшла зіма, разбалелася ў казы галава. А лекаў няма! Лекі ўсе ў Гомелі на вуліцы Траецкай у сядзібе купецкай – сала і каўбасы ды іншыя прыпасы.

“Галава баліць, ды ногі носяць!” – падумала каза і рушыла ў дарогу.

Дзень ідзе. Можа, два. Насустрач ёй дзяўчына-краса. Няйначай войта дачка. “Не хадзі ты, каза, ды праз цёмны лясок! Не ступай, каза, на жоўты пясок! Ухопіць цябе воўк, ліха не абярэшся!” – кажа ёй дзяўчына. А каза ўпартая, каза зацятая – не хоча слухаць чужой рады, хоча хутчэй у Гомель да купецкай хаты. Бяжыць праз цёмны лясок, чуе, як нема вые воўк і зубамі ляскае ажно за вярсту чуваць. Пашчасціла казе – не заблыталася ў лазе, ні аб дуб, ні аб елку не пабілася, ваўку ў пашчу не завалілася.

Дзень ідзе. Можа, два. Насустрач ёй дзяўчына-краса. Няйначай старосты дачка. “Не хадзі ты, каза, ды праз чыстае поле! Не шукай, каза, ты сабе нядолі! Арол засваволіць, цябе ўгару падхопіць, ліха не абярэшся!” – кажа ёй дзяўчына. А каза ўпартая, каза зацятая – не хоча слухаць чужой рады, хоча хутчэй у Гомель да купецкай хаты. Бяжыць праз чыстае поле, чуе, як арол у небе сваволіць, крыламі шызымі цень на вярсту прасцірае. Пашчасціла казе – не спатыкнулася ў баразне, за камень межавы схавалася, арлу ў кіпцюры не дасталася.

Дзень ідзе. Можа, два. Насустрач ёй дзяўчына-краса. Няйначай ваяводы дачка. “Не хадзі ты, каза, ды праз рэчку зледзянелую! Не скачы, каза, ты на сцежку белую! Шчупак у палонку цэлую зацягне цябе, ліха не абярэшся!” – кажа ёй дзяўчына. А каза ўпартая, каза зацятая – не хоча слухаць чужой рады, хоча хутчэй у Гомель да купецкай хаты. Бяжыць праз рэчку зледзянелую, чуе, як з палонкі цэлае шчупак выскоквае, пырскі вады сцюдзёнай на вярсту раскідвае. Пашчасціла казе – не апынулася ў вадзе, на бераг другі паднялася, шчупаку ў зубы не папалася.

Дзень ідзе. Можа, два. Насустрач ёй дзяўчына-краса. Няйначай князя дачка. “Не хадзі ты, каза, ды па замкавых валах! Не круціся, каза, ты пры гарадскіх дзвярах! Стральцы-байцы з ружжаў “бах!”, ліха не абярэшся!” – кажа ёй дзяўчына. А каза ўпартая, каза зацятая – не хоча слухаць чужой рады, хоча хутчэй у Гомель да купецкай хаты. Бяжыць па замкавых валах, чуе, як стральцы-байцы з ружжаў “бах!”, кулі гарачыя на вярсту пускаюць. Пашчасціла казе – Месяц за хмару сеў, а яна ў цемнаце праз дзверы ў горад пратачылася – чаго хацела, таго і дабілася.

Прыйшла каза на вуліцу Траецкую пад сядзібу купецкую. Стала на парог – папрасіла пірог, сала і каўбасы ды іншыя прыпасы. Каб ёй галава не балела, каб каза скакала і пела.

Дзе каза рагом,
Там жыта стагом,
Дзе каза нагой,
Там жыта капой.

Добра гамяльчане казу прывячалі, смачна частавалі, каляды святкавалі. І я там быў, мёд салодкі піў, бліны ў смятану макаў, разам з казою скакаў.

2017 г.