
Іспалінская свіння пакаілася ў зробленым
Сёння нарэшце вярнуліся з пошукавага рэйда добраахвотнікі сілаў тэрытарыяльнай абароны вёскі Мажджаліна. Нагадаем, што колькімі днямі раней яны выправіліся ў бліжэйшы лес, дзе, як здавалася многім тутэйшым жыхарам, нешта здохла. Невялічкі атрад на чале з адстаўным прапаршчыкам Кірэем Каўнерчыкам вярнуліся ў вёску, разам з гіганцкай свіннёй.
Свіння, што належыць да рэдкага віду «свінтус грандыёзус», была прысаромлена байцамі за свае правакацыйныя паводзіны, скіраваныя на псаванне паветра ў асобна ўзятай вёсцы. Ім удалося ўвагнаць жывёлу ў барву і нават прымусіць зрабіць фэйспалм з нагоды ўласных учынкаў, які прымусілі добра пахвалявацца вяскоўцаў і ўспомніць навыкі карыстання ахоўнымі павязкамі, рэспіратарамі, процігазамі. Усвядоміўшы заганнасць усяго ўчыненага, свіння патлумачыла нашай карэспандэнтцы свае матывы ў гэтай смуроднай гісторыі.
Выявілася, што агромністая дзёдзя вельмі цярпела на адсутнасць належнай увагі да сваёй асобы з боку людзей. Рэч у тым, што яна вельмі добра малюе, займаецца сінхронным плаваннем і іграе на скрыпачцы. Але ўсе гэтыя цноты анічуць не прывабілі людской цікаўнасці да яе асобы. Пакрыўдзіўшыся, свіння пайшла на крайнія меры прыцягвання да сябе ўвагі.
Цяпер, калі многае засталося за плячыма (у тым ліку і свінымі), мажджалінскія школьнікі бяруць на іспалінскай свіннёй шэфства. Клопат, догляд і ўдзел у цікавай навагодняй культурнай праграме яны ёй ужо паабяцалі. Застаецца толькі цешыцца, што выкапнёвы від свіноты, здольны на самарэгуляцыю асобы на грунце ўяўленняў пра дабро і абавязак.