Гендэр пасварыў вясковых жанчын

Гендэр пасварыў вясковых жанчын

Самая маладая з абуральніц спакою праламі ад роспачы дзірку ў сцяне бацькоўскай хаты

Сёння ў вёсцы Мажджаліна адбылася масавая бойка жанчын пераважна сярэдняга веку (не блытаць з сярэднявечнымі жанчынамі! – рэд.).

Раз’юшаная жаночая грамада білася не па прынцыпу “сценка на сценку”, а згодна па прынцыпу “вайна ўсіх супраць усіх”. Разнімаць іх былі кінутыя міліцыя і войскі тэрытарыяльнай абароны, бо бойка стала рэальнай пагрозай для ўсёй вёскі. Першыя ж допыты па справе ўскрылі той факт, што жанчын пасварыў гендэр. Тутэйшым “пінкертонам” давялося лезці ў слоўнік (а мы хітрэйшыя, дык злазілі ў “Вікіпедыю” – рэд.), каб дазнацца, што гендэр – гэта тэрмін, які вызначае сацыяльны пол чалавека.

Лягчэй не стала, бо вінаватыя ў бойцы жанкі працягвалі гразіцца адна адной і прыгаворваць: “Гендэра я табе так проста не аддам”. Толькі дадатковыя следчыя захады дазволілі высветліць, што маецца на ўвазе Гендэр Зурабавіч Куюкашвілі – заезны жаніх, які паралельна круціў раманы з усімі ўдзельніцамі бойкі.

Месцазнаходжанне спадара Гендэра выясняецца. Зрэшты, прэтэнзій да яго з боку праваахоўных органаў, хутчэй за ўсё, не будзе. Добраахвотныя любоўныя стасункі дарослых людзей крымінальнаму пераследу не падлягаюць.