
Калі класік беларускай літаратуры Максім Гарэцкі пісаў у пачатку ХХ ст. сваё апавяданне «У лазні», ён нават не здагадваўся, што ў беларускай лазні ўзору 2011 г. усё будзе нашмат больш жорстка
Дырэктар грамадскай лазні вёскі Мажджаліна Серафім Саўрасавіч Куродымскі ледзьве не стаў ахвярай найманага забойцы. Сёння ўвечары пасля працоўнага дня «начальнік мачалак» вырашыў скарыстацца службовым становішчам і залез памыцца ў адну з нешматлікіх ваннаў. Па даўняй звычцы ён прыхапіў з сабой гумавую вутачку і «маленькую паўтарачку» піва айчынных вытворцаў.
Пакуль Серафім Саўрасавіч кунежыўся ў гарачай вадзе, гуляючыся з вутачкай і пляшкай, у лазню пранік сумнавядомы Хітман. Ён прыхапіў тостар, набыты для лазні за дзяржаўныя грошы, і вырашыў зрабіць дырэктару смерць, укінуўшы ўключаны агрэгат для запякання хлеба ў ванну.
Але гумавая вутачка і пляшка піва палічылі кіданне тостара за новую лазневую гульню і годна вытрымалі падачу, адзіным парывам выштурхнуўшы небяспечны прадмет далёка за межы лазні. Тостар, адлятаючы, зрабіў ладную дзірку ў сцяне. Бачачы, што заданне правалілася, Хітман забег у парылку і знік. Куродымскі нават не паспеў адразу зразумець, што адбылося, думаючы, што сценку паламалі яго няўрымслівыя паклонніцы. Толькі праз гадзіну да яго дайшло.
Па факту здарэння ўзбуджана крымінальная справа. Згодна з працоўнай версіяй следства Хітман апынуўся ў Мажджаліне выпадкова з-за памылкі амерыканскага праграміста Джона Кайфа ў выбары рэстарацыі хуткага харчавання.
Серафім Саўрасавіч паціху адыходзіць ад таго, што да яго найшло. Вутачка і пляшка адчуваюць сябе героямі. Тостар паспяхова прызямліўся на Краснай плошчы ў Маскве. Аднак факт прызямлення замоўчваецца расійскімі інфармацыйнымі агенцтвамі, якія асцерагаюцца сваім лішнім шумам разбудзіць каго-небудзь у тым раёне.
Застаецца толькі цешыцца, што тостар не прыхапіў у «белакаменную» усю лазню цалкам – такі паварот значна ўскладніў бы працу айчынных следчых органаў.