Гуманоіды пад выглядам гуманістаў жылі і працавалі у беларускай вёсцы

Мінулае вучыць нас, як жыць сёння

Эразм Мажджалінскі за працай. Даўняя гравюра. Цікава, дзе ён хаваў бластар?

Настаўнік гісторыі з вёскі Мажджаліна Юрась Неспакойны зрабіў чарговае адкрыццё. Карыстаючыся рэдкімі рукапісамі, пісанымі віламі па вадзе яшчэ ў часы Жыгімонта Старога, руплівец вывучэння даўніны высветліў нечаканыя падрабязнасці жыцця вядомых беларускіх гуманістаў пачатку XVI ст.

На аснове дакументаў была зробленая выснова, што Эразм Мажджалінскі і Ульрых Даўмонт фон Тойфэльзумпф, вядомыя сваімі гуманістычнымі лацінамоўнымі паэмамі, комплексам ранішняй гімнастыкі і распрацоўкай дубовага прататыпу айфона насамрэч былі не гуманістамі, а гуманоідамі. Настаўнік прыйшоў да такога заключэння знайшоўшы ў творах Эразама і Ульрыха Даўмонта 555 згадак Марса.

«Так, яны былі марсіянамі. Тут няма ніякага сумнення, – перакананы пан настаўнік. – Праўда, Марс свой яны прыгадваюць звычайна ў непрыглядным ракурсе. Напэўна, іх проста адтуль выгналі за погляды і перакананні, якія не супадалі з тагачаснай марсіянскай ідэалогіяй. Гэта і не здзіўляе! У XVI стагоддзі да нас уцякалі многія ерэтыкі з суседніх дзяржаў. Марсіяне тут ніякае не выключэнне».

На дадзены момант Юрась Неспакойны займаецца рэканструкцыяй біяграфій абодвух дзеячаў эпохі Адраджэння. Ён ужо высветліў, што тыя ў 1522 г. пабудавалі ў вёсцы вялізны вятрак з громаадводам. Цяпер давядзецца высветляць, на халеру ім быў патрэбны гэты будынак.

Яшчэ шмат цікавых фактаў мае быць адкрыта нашым таленавітым педагогам. Застаецца толькі цешыцца, што дакументаў (гістарычных крыніц) хопіць не на адно адкрыццё.