
У выніку насычанай экскурсіі «Легенды і скарбы Шведскай горкі», якую 24 красавіка 2016 г. праводзіў гомельскі краязнавец Яўген Малікаў, для мяне сфармуляваўся наступны тэзіс: час, калі месца колішняга гарадзішча жалезнага веку каля вёскі Любны атрымала назву «Шведская горка», дакладна невядомы. Зварот да некаторых крыніц хоць і не вырашае гэтую праблему, але дае пэўныя падставы сцвярджаць, што «шведскі» кантэкст не быў чужым, прынамсі, для некаторай часткі жыхароў Гомеля і Гомельскага павета другой паловы ХІХ ст.
Для пачатку варта нагадаць, што мясціны, у назвах якіх прысутнічаюць словы, вытворныя ад этноніма «шведы», ёсць у розных частках Беларусі і сумежных краін. Гісторык Андрэй Катлярчук у 2002 г. адзначаў, што сабраў звыш 120 шведскіх тапонімаў з беларускіх зямель (пераважна, «шведскія курганы», «шведскія магілы», «шведскія капцы») [2, с. 194-195]. Як ён, так і іншыя даследчыкі схіляюцца да думкі, што на з’яўленне падобных назваў паўплывала «інтэнсіўнасць шведскае вайсковае прысутнасці за часоў Малой і Вялікай Паўночных войнаў» [2, с. 196] (маюцца на ўвазе войны 1655-1660 і 1700-1721 гг.). Разам з тым у большасці выпадкаў мясціны з адпаведнымі назвамі ніякага дачынення да шведаў не маюць. Напр., у Ваўкавыску ёсць свая Шведская гара. Існуе і легенда пра тое, што яе насыпалі шведы над магілай свайго военачальніка. Але згодна з археалагічнымі раскопкамі на гэтым пагорку ў ХІ-ХІІІ стст. знаходзіўся дзядзінец (умацаваная частка) летапіснага Ваўкавыска*.

Шведская гара ў Ваўкавыску. Фота: makutello.
Мовазнавец Аляксандр Рогалеў выказаў меркаванне, што «в каждую эпоху существует определённая мотивационная база для объяснения древних рукотворных объектов и для соответствующей их номинации с помощью тех или иных этнонимических основ» [4, с. 39]. Пры адсутнасці інстытуалізаваных форм культуры, якія б мэтанакіраваны забяспечвалі пэўную гістарычную пераемнасць між пакаленнямі, народ не меў адпаведных ведаў, каб звязаць тыя ці іншыя даўнія рукачынныя аб’екты з рэальнымі падзеямі і асобамі, дзякуючы якім гэтыя аб’екты ўзніклі. Таму многія сярэднявечныя і нават старажытныя (як у выпадку з гомельскай Шведскай горкай) аб’екты ў нейкі час – хутчэй за ўсё, у другой палове XVIII – ХІХ ст. – былі інтэрпрэтаваны народнай свядомасцю ў сувязі з падзеямі, памяць пра якія на той момант яшчэ не паспела сцерціся.

На Шведскай горцы ў Гомелі (ліпень 2016 г.).
Паколькі ўвасабленнем народнай свядомасці доўгі час была амаль выключна вусная творчасць, то менавіта ў ёй, гэтай творчасці, і трэба шукаць сляды гомельскага «шведскага» кантэксту. У першым выпуску «Белорусского сборника» (1885) даследчыка старажытнасцей Еўдакіма Раманавіча Раманава (1855-1922) сярод народных песень, запісаных у Магілёўскай губерні, знаходзім песню, зафіксаваную ў Беліцы. Яна пачынаецца такімі радкамі: «Як по вулицы по Шведской, слободе было Немецкой, генарал немец ходя, // За собою девку водя, водя девку иноземку, молодую привязенку» [6, с. 12]. Складальнік аднёс гэтую песню да сямейных. Апавядальнікам у ёй выступае дзяўчына, якая параўноўвае смак каліны з замужжам са старым, а смак маліны з жыццём з мілым. Пачатковыя радкі паўтараюцца ў песні яшчэ раз, з’яўляючыся, па сутнасці рэфрэнам. Але нас тут цікавіць не сам сюжэт, а факт прыгадкі Шведскай вуліцы. Е.Раманаў у заўвазе да песні адзначыў, што яна пазычана ад старавераў, але не ўказаў – ад гомельскіх ці з іншых мясцін. Між тым, складаючы зборнік, ён кіраваўся прынцыпам не ўключаць у яго рускіх і ўкраінскіх народных песень, якія на момант збірання бытавалі амаль у чыстым выглядзе сярод жыхароў губерні, у т.л. у Гомелі і Гомельскім павеце [6, с. ІХ]. Таму можна дапусціць, што песня «Як по вулицы по Шведской…» усё ж не «наносная» і бытавала сярод старавераў Гомеля, напр., у Спасавай слабадзе.

Поўны тэкст народнай песні, дзе згадваецца Шведская вуліца.
Назвы вуліцы і слабады ў разгледжанай песні з аднолькавым поспехам могуць быць, як рэхам нейкіх гістарычных рэалій, так і ўмоўным мастацкім вобразам. Наколькі вядома, у Гомелі не было ні вуліцы Шведскай, ні Нямецкай слабады. Аднак з другой паловы ХІХ ст. існавала вуліца Нямецкая, цяпер – Куйбышава.

Нямецкая вуліца ў Гомелі. Фрагмент плана горада на 1910 г.
Ад яе да месца колішняга гарадзішча жалезнага веку трохі больш за 2,5 кіламетры напрасткі. Ёсць вялікая спакуса ўбачыць у песні адлюстраванне гомельскіх рэалій у выглядзе Нямецкай вуліцы і Шведскай горкі, але гэта было б чыстай спекуляцыяй і нацяжкай. Тым не менш, для сябе мы павінны яшчэ раз зацеміць, што ўмоўны «шведскі» тапонім быў вядомы нейкай частцы гамяльчан, дзякуючы названай песні.

Адлегласць між вул. Куйбашава (колішняй Нямецкай) і Шведскай горкай паводле Google Maps.
Яшчэ адно ўказанне на існаванне гомельскага «шведскага» кантэксту сустракаем у фрагментах карэспандэнцыі Е.Р.Раманава да расійскага расійскага літаратуразнаўцы, гісторыка літаратуры А.М.Весялоўскага, апублікаваных у працы апошняга «Мелкие заметки к былинам» (1896). Беларускі даследчык дзеліцца юнацкімі ўспамінамі пра паданні, чутыя ім у Валатаве, якую называе як «погост в 2-х верстах от Гомеля». Адно з гэтых паданняў, зафіксаванае Раманавым у 1877 г., тычыцца ўрочышча Гецьманка, якое размяшчалася пры вёсцы Раманавічы «в 4-х верстах от Волотовы». Сюжэт падання ніяк не звязаны са «шведскай» тэматыкай: Гецьманку – апранутую па-мужчынску ўзброеную жанчыну вялікага росту – па-здрадніцку забівае тутэйшы мужык. Але Еўдакім Раманавіч пераказвае яго з пэўнай храналагічнай прывязкай апісаных у ім падзей: «“за Шведом” (1708 г.)» [1, с. 246]. З фрагмента няясна, карэспандэнт ужыў гэты выраз дзеля каларытнасці ці цытаваў свайго інфарматара 1877 г. Выразы «за шведам», «за дзедам шведам» у беларускіх гаворках азначалі даўніну наогул [2, с. 190]. Напр., у слоўніку З.Санько (1992 г.) рускім адпаведнікам другога варыянта падаецца фразема «при царе Горохе» [8, с. 90]. Відаць, Е.Р.Раманаў дапускаў літаральную інтэрпрэтацыю гэтага выразу як часоў Паўночнай вайны. У 1708 г. расійскія войскі праходзілі праз Гомель пасля разгрому шведаў пад вёскай Лясная (цяпер – Слаўгарадскі р-н, Магілёўскай вобл.) [3, с. 127], якой Раманаў прысвяціў некалькі артыкулаў [9, с. 61-68].

Ахоўны знак і інфармацыйная шыльда на Шведскай горцы ў Гомелі (ліпень 2016 г.).
Гістарычныя веды Е.Р.Раманава дазволілі яму выказаць і ўласнае меркаванне пра гарадзішча каля в. Любны. У справаздачы аб раскопках 1888 г. у Магілёўскай губерні ён мімаходзь згадвае і размешчаны на паўднёвым усходзе ад групы любенскіх курганоў «городок на берегу старого русла р. Сожа, утилизованный позднее при войнах – за освобождение Малороссии и Северной» [7, с. 133], але пэўнасці ў апошнім не меў, пра што адзначыў у іншым месцы справаздачы: «Вблизи курганной группы и на городке, как я писал, в XVII и начале XVIII века бывали битвы, кажется, казаков с поляками» (с. 134). Спасылак жа на нейкія народныя паданні пра гэтыя мясціны ў справаздачы няма. Між тым у часопісным варыянце яго «Археологического очерка Гомельского уезда» (1910) «городок в им. Любнах» апісваецца літаральна адным сказам і дадаецца рэмарка: «В 1671-1672 гг. был резиденциею известного Мурашки, о чем теперь существуют в народе предания» [5, с. 110]. Гэта можа азначаць, што і на той момант Раманаў не меў звестак пра народныя паданні, якія б звязвалі «городок» каля Любнаў з памяццю пра Паўночную вайну і шведаў.

Краявід са Шведскай горкі ў Гомелі (ліпень 2016 г.).
Як можна зразумець, тэма далёка не вычарпала сябе, і канчатковыя высновы рабіць рана. Неабходны зварот да іншых крыніц ХІХ ст., але асабіста мне пакуль цяжка сказаць, да якім менавіта. У апублікаванай «Беларускім кнігазборам» (2007) частцы фальклорных запісаў Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага 1817-1819 гг. ёсць песні, занатаваныя ў Гомелі і Добрушы, аднак згадак шведаў там няма. Тое ж можна сказаць і пра зборнік «Гомельские народные песни (белорусские и малорусские)» (1888), укладзены Зінаідай Радчанка. Грунтуючыся ж толькі на дзвюх крыніцах (песня з прыгадкай Шведскай вуліцы і паданне з выразам «за Шведом»), мы бачым толькі кволы намёк на існаванне «шведскага» кантэксту ў народнай свядомасці гамяльчан другой паловы ХІХ ст., а ніяк не сведчанне яго шырыні. Таму меркаваць пра верагоднасць яго ўплыву на з’яўленне назвы «Шведская горка» пакуль не выпадае. Рызыкну, аднак, выказаць інтуітыўную версію, што народнае суаднясенне гарадзішча жалезнага веку са шведамі магло з’явіцца пад уплывам дзейнасці даследчыкаў гэтага археалагічнага аб’екта. Падчас збору інфармацыі той жа Раманаў мог распытваць тутэйшы люд, ці не захавалася легенд пра часы вайны са шведамі. І хоць адказы, як выглядае, былі адмоўнымі, у свядомасці інфарматараў магла з’явіцца пэўная «засечка» на гэты конт, каб значна пазней парадаксальным чынам спрацаваць, праявіўшыся ў вядомай нам сёння назве.
_____________________________________________
*У якасці кур’ёзу хачу адзначыць, што ваўкавыская Шведская гара ў 2000 г. фігуравала ў армейскім фальклоры салдат тэрміновай службы унутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь, чый батальён размяшчаўся блізка ад яе. Паводле няпісаных правілаў нестатутных дачыненняў (т.зв. дзедаўшчына) салдаты старэйшага прызыву («дзяды») ў любы момант маглі задаць навабранцам («духам») нейкае пытанне, якое патрабавала строга вызначанага адказу. Калі «дзед» пытаўся ў «духа»: «Дзе мой дзембель?», апошні мусіў абавязкова адказаць: «За Шведскай горкай», бо менавіта за ёй знаходзілася чыгунка, якой большасць салдат, якія адслужылі, ехалі ў штаб брыгады ў Баранавічы, а адтуль – дадому.
Крыніцы і літаратура
1. Веселовский, А. Мелкие заметки к былинам / А. Веселовский // Журнал Министерства народного просвещения. – 1896. – Ч. CCCVI. – С. 235–277.
2. Котлярчук, А. Швэды у гісторыі й культуры беларусаў / А. Котлярчук. – Мінск : Энцыклапедыкс, 2002. – 296 с.
3. Макушников, О. А. Гомель с древнейших времён до конца XVIII в. Историко-краеведческий очерк / О. А. Макушников. – Гомель : РУП «Центр научно-технической и деловой информации», 2002. – 244 с.
4. Рогалев, А. Ф. Гомель. Страницы истории, формирование улиц, местные тайны и загадки / А. Ф. Рогалев. – Гомель : Барк, 2014. – 248 с.
5. Романов, Е. Археологический очерк Гомельского уезда / Е. Романов // Записки Северо-Западного отдела Императорского Русского географического общества. – Вильна : тип. А. Г. Сыркина, 1910. – Кн. 1. – С. 97–128.
6. Романов Е. Белорусский сборник : в 7 т. ; вып. 1-9 / Е. Романов. – Киев [и др.] : тип. С.В. Кульженко [и др.], 1885–1912. – Т. 1 ; вып. 1 : Песни, пословицы, загадки. – 1885. – 469 с.
7. Романов, Е. Раскопки в Могилевской губернии в 1888 году / Е. Романов // Древности. Труды Императорского Московского археологического общества. – 1889. – Т. 13. – Вып. 1. – С. 129–153.
8. Санько, З. Малы руска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак і фразем / З. Санько. – Мінск : Навука і тэхніка, 1991. – 218 с.
9. Сборник статей «Могилевских губернских ведомостей» / под ред. Е. Р. Романова. – Могилев–Губернский, 1900. – Вып. 1. – 86 с.
Заўвага: на загалоўным здымку Шведская горка ў Гомелі (ліпень 2016 г.); усе фота гомельскай Шведскай горкі ў гэтым артыкуле зроблены аўтарам.
Сяргей Балахонаў, ліпень 2016 г.