
1.
Я не магу ніяк уседзець сёння ў доме.
У галаве ўспамінаў ды развагаў рой.
І я імчу туды, дзе пачынаўся Гомель,
Каханы Гомель, родны горад мой.
Прыпеў №1.
Тут наяве, як у сне,
цалавала ты мяне.
Пацалунак твой растаў, да жалю, хутка.
Люстраная гладзь азёр,
Думак блытаны узор,
І бяжыць у цэнтр спрытная маршрутка.
2.
У вечаровых барвах спрэс мікрараёны.
Іграе сонца ў шыбах здзіўленых акон.
Я паспяшаю, ззяннем горада натхнёны,
Лячу за мроямі маімі наўздагон.
Прыпеў №2. х 2 разы
Тут наяве, як у сне,
цалавала ты мяне.
Пацалунак твой растаў, да жалю, хутка.
Тэлевежы светлы сум,
Ў скверы звон чароўных струн,
І гудзіць Кірылу бойкая маршрутка.
3.
Па сцежках парка між саборам і палацам
Іду, спрабуючы вякоў адолець дым.
Дубовы замак тут стаяў за даўнім часам,
Цяпер ён прывід – бачны, ды не ўсім.
Прыпеў №3.
Тут наяве, як у сне,
цалавала ты мяне.
Час растаў, як пацалунак твой так хутка,
Час радзімічаў сівы,
Час Вялікае Літвы,
І Румянцаў едзе шпаркаю маршруткай.
4.
Па набярэжнай асцярожна я ступаю.
Рака плыве, як шмат стагоддзяў да таго.
Каханне наша – разумееш, дарагая? –
Не больш, чым кропля ў бурнай плыні год.
Прыпеў №4.
Тут наяве, як у сне,
цалавала ты мяне.
Пацалунак твой растаў, да жалю, хутка.
Зоркі падаюць у Сож,
Хтось па пляжы басанож,
І ў Прудок бяжыць апошняя маршрутка.
2015 г.
Заўвага: тэкст выконваецца на матыў песні Гарыка Крычэўскага “Улочки Львова”. Мінусоўку, паводле fonogramm.net, можна сцягнуць тут.