Гарэцкі супраць чупакабры

Гарэцкі vs чупакабра. Роднае карэнне руліць

1:0 па выніках першай сустрэчы

У школьную бібліятэку вёскі Мажджаліна сёння завітала чупакабра. Як паведамляюць выпадковыя сведкі, таямнічая пачвара прашмыгнула ў прачыненыя дзверы кнігасховішча, калі там была бібліятэкарка Ганна Бялова.

“Ёсць чо?” – беспардонна запыталася чупакабра ў жанчыны, на што тая не збянтэжылася, схапіла томік выбраных твораў Максіма Гарэцкага і некалькі разоў добра тыцнула нязванай госці ў мардагляд. Гэта тут жа падзейнічала, бо пачвара задала драпака.

Бібліятэкарка ад каментароў адмаўляецца. Попыт на кнігі класіка беларускай літаратуры значна вырас. Зрэшты, знаходзяцца людзі, якія сцвярджаюць, што ў бібліятэку зазірнула не чупакабра, а мясцовая чувырла, што пазычае ва ўсіх грошы на рэстаўрацыю тутэйшага вінзавода.

Адміністрацыя вінзавода, у сваю чаргу, адхрышчваецца ад падобных плётак. Ёй бы самім разабрацца з 25-м падземным адсекам, які ўжо больш за 70 гадоў знаходзіцца ў ізаляцыі. Але нешта мы нітку згубілі…