На дарозе, якая вядзе ў вёску Мажджаліна з паўночнага захаду, сёння ў абед адбыўся навукова-беспрактычны дыспут паміж гандляркай Кацярынай Запрадайкай і мясцовым непрызнаным паэтам Свістаплясам Агурэчным (гэта псеўданім, сапраўднае прозвішча высвятляем – рэд.).
Тэмай дыспуту стала пытанне аб спалучальнасці падставовых прынцыпаў неакейнсіянства з тэхнікай складання верлібраў ва ўмовах асобна ўзятай беларускай вёскі. Запал іх спрэчкі быў настолькі магутным, што статак людскіх (у сэнсе прыватных, асабістых – рэд.) кароў, які рухаўся а першай гадзіне дня з поля ў вёску на дзённую дойку, не здолеў прайсці праз заблакаваную крыклівымі дыскутантамі дарогу.

Акторы гомельскага тэатра захапіліся сённяшнім здарэннем і ўжо рэпетуюць пастаноўку паводле ягоных матываў. Не абыйшлося, як бачна, без ідэалізацыі
Спачатку каровы спужаліся і спрабавалі вярнуцца назад у поле. Аднак учуўшы тэму спрэчкі, многія з іх далучыліся або да гандляркі, або паэта. Зрэшты, былі і такія, хто ўказваў найперш на неабходнасць зблансаванага ўжывання малака і малочных прадуктаў перад сучасным геапалітычнымі выклікамі.
Пастухі з сям’і Калаваротавых мусілі ўжыць пугі, каб пагнаць кароў далей. Каровы паслухаліся, але вельмі неахвотна. Гандлярка і паэт тым часам працягнулі сваю спрэчку ў больш інтымнай абстаноўцы. Застаецца толькі цешыцца, што інтэлектуальныя дыскусіі ў нашай вёсцы жывуць і зводу не маюць. Праўда, нашы аналітыкі сцвярджаюць, што між Запрадайкай і Свістаплясам мела месца не дыскусія, а адна з методык пікапу. Але мы не хочам у гэта верыць, як не хочуць і два дзясяткі людскіх кароў.
Фота: gomeldrama.gomel.by