Дзень дэсантніка: не ў фантан, дык у кар’ер

Злосна сказаў: «Уставай, пяхота! Мы не на пляжы, а на вайне»

Як пяецца ў старажытнай дэсантніцкай песні: «ВДВ! I love you!»

На свята паветрана-дэсантных войскаў у Мажджаліне традыцыйна збіраюцца тутэйшыя вяскоўцы і жыхары суседніх вёсак, якія колісь аддалі свой доўг Айчыне. Звычайна яны адзначаюць гэты дзень спартыўным арыентаваннем на мясцовасці, шумнымі інтэлектуальнымі дыспутамі, выканнем класічных рок-н-рольных песняў, дапамогай у рамонце платоў ды іншых аб’ектаў жыллёва-камунальнага комплексу і сацыяльнай інфраструктуры вёскі.

Аднак не першы год былыя дэсантнікі выказваюць шкадаванне, што ў Мажджаліне няма фантана, дзе б ім можна было з задавальненнем папускаць папяровыя караблікі. На жаль у вясковым бюджэце няма сродкаў на будаўніцтва нават маленечкага фантана. Таму доўгі час альтэрнатывай для «блакітных берэтаў» былі ручай Шмыга, Курчына азярцо ці вялізная лужына недалёка да мехдвара. Самыя ж адважныя (гэта значыць усе пяць чалавек) пад вечар выпраўляліся пускаць караблікі на Чортава балота, адкуль часцяком вярталіся пад раніцу без цяльняшак і іншых прыкметаў вопраткі, пакінуўшы іх русалкам.

Вобразы мілыя роднага краю, Смутак і радасць мая! Што маё сэрца да вас парывае? Чым так прыкованы я?

Мажджалінскі кар'ер. Цудоўная альтэрнатыва фантанам

Сёлета нашых дэсантнікаў чакае сюрпрыз. Спецыяльна для іх раённыя ўлады залілі вадой глыбокі Мажджалінскі ка’ер, дзе да нядаўняга часу здабывалі гліну і анабтаніум. Цяпер там можна будзе не толькі папускаць караблікі, але пакатацца на катамаране і нават скокнуць з парашута ці праехацца на тарзанцы. Мяркуецца, што з цягам часу кар’ер стане месцам паломніцтва для дэсантнікаў усяго раёна і вобласці. Застаецца толькі цешыцца. Іншага ў Дзень дэсантніка рабіць не выпадае.