
Толькі самыя маленькія вяскоўцы лічаць, што на бізнесмена напаў ён
Расійскі бізнесмен Эльдар Зульфіндзінаў, вядомы сваім жаданнем адчыніць у беларускай вёсцы Мажджаліна казіно, паспешліва адмаўляецца ад сваіх планаў.
Пан Зульфіндзінаў асабіста прыязджаў на месца будучай будоўлі. Рабіў ён гэта тайна, каб не сутыкнуцца з вяскоўцамі, якія ад пачатку выказваліся супраць будаўніцтва гульнявага дома ў сваёй вёсцы.
Зрэшты, захады засцеражэння расійскаму дзялку не дапамаглі. Актывістаў супраціву ён не сустрэў. Аднак з бліжэйшага лесу выскачыла паўбачнае Нешта, раскідала ахову і ўзялося кусаць Зульфіндзінава. Пасля серыі ўкусаў яно праглынула бізнесмена, а праз пяць хвілін, падрапаўшы кіпцюрамі аўтамабільны картэж, выплюнула праглынутага назад і збегла ў лес. Мінула гадзіна перш, чым дзялок змог зноўку загаварыць і прыняць рашэнне згарнуць свой бізнес у Мажджаліне. Пра апошняе было заяўлена сёння бліжэй да вечара.
Прэс-служба алігарха прычынаў адмовы ад ранейшага бізнес-праекта не тлумачыць, спасылаючыся на камерцыйную таямніцу. Між тым яна адразу ж стала сакрэтам Палішынеля. Вяскоўцы ўжо на ўсе зáстаўкі абмяркоўваюць здарэнне, спрабуючы вызначыць, што за Нешта выратавала іх ад казіно. Чым бы вёска не цешылася.