
Колькі дзён у горадзе нашым [1] бавіўся кс. пробашч Гінят (Giniatt), які прыбыў з Гомеля дзеля спрыяння вяртання бежанцаў-літоўцаў (Litwinom), якія знаходзяцца ў Гомелі і наваколлях.
Па нашай просьбе кс. Гінят ласкава падзяліўся шэрагам звестак, якія падаём ніжэй.
Першы рэвалюцыйны пераварот у Расіі [2] не выклікаў у Гомелі, як і пераважна ўсюды ў правінцыі, ніякіх асаблівых ўзбурэнняў. Былі толькі скасаваны і высланы на фронт ранейшая паліцыя і жандармерыя, на месцы якіх гарадская рада (rada miejska) арганізавала міліцыю. Сышлі таксама некаторыя прадстаўнікі адміністрацыі – найбольш яскравыя прыхільнікі ранейшага ладу, і на тым канец.
Толькі бальшавіцкі мяцеж (rewolta) [3] аддаў і ў Гомелі паўнату ўлады ў рукі мясцовага “совету” (рады салдацкіх і рабочых дэпутатаў), пад кіраваннем якога становішча пачало змяняцца да штораз большай анархіі.
Найперш гэта адбілася на вёсцы.
У Гомельскім павеце сядзібы (dwory obywatelskie), незалежна ад нацыянальнасці іх уладальнікаў, былі абрабаваны і зруйнаваны.
У самім горадзе таксама небяспека для жыцця ўзрасла надзвычай, вечарамі пастаянна здараліся напады і разбой з вулічнай стралянінай. Салдацкая форма забяспечыла рабаўнікам поўную бескараннасць тады, як “совет” і не надаваў таму належнае ўвагі, і не рабіў захадаў, каб заспакоіць сваіх “дужа старанных” прыхільнікаў. Асабліва апошнія дні перад заняццем Гомеля нямецкім войскам назаўсёды застануцца ў памяці жыхароў гэтага горада.

Прывказальная плошча ў Гомелі (1918 г.)
Пад маркай рэвізіі разнастайныя марадзёры з бальшавіцкай арміі урываліся ў кватэры, прыкладамі разбівалі замкнёныя дзверы складоў (magazynów), спусташаючы іх змесціва. У бой з гэтымі бандытамі ў форме ўступіла самаабарона, арганізаваная мясцовай грамадскасцю і ўзброеная нараўне з бальшавікамі вінтоўкамі. Самаабарона, што праўда, цаною колькіх ахвяр, усё ж здолела выправадзіць бальшавікоў з цэнтра горада да чыгуначнага вакзала. Урэшце вечарам 1 чысла гэтага месяца (I bm.) у Гомелі паказаўся першы нямецкі атрад, сустрэты народам з пачуццём палёгкі. Нямецкія атрады ў большасці сваёй хутка маршыравалі далей, і дзень падпісання мірнае дамовы [4] заспелі за якія 50 кіламетраў на ўсход ад Гомеля, каля Навазыбкава.
Насельніцтва Гомеля за час вайны вырасла ці не ўдвая і складала на апошні момант блізу 150 тыс. Бежанцаў, зарэгістраваных агулам у Гомелі і яго павеце налічваецца 32 тыс.
Бежанцамі-палякамі, агульнай колькасцю 16 тыс., апякуюцца: у горадзе (6 тыс.) польскае Таварыства дапамогі ахвярам вайны, на вёсцы ж, дзе ў колькасці 10 тыс. згуртаваліся сяляне з Каралеўства – Цэнтральны грамадзянскі камітэт.
Кс. Гінят як дэлегат літоўскага Таварыства дапамогі ахвярам вайны меў у ліку зарэгістраваных 1200 бежанцаў-літоўцаў.
Бежанцаў-яўрэяў налічваецца 5700. Рэшту вышэй пададзенай лічбы бежанцаў складаюць беларусы і рускія [5].
Жаданне бежанцаў, асабліва ў палякаў і літоўцаў, вярнуцца на радзіму надзвычайна моцнае. Абедзве польскія арганізацыі, апякуючыся бежанцамі ў Гомелі, прыкладалі намаганні па адпраўцы дэлегатаў у справе паскарэння і палягчэння гэтага вяртання.

Будынак гомельскай гарадской думы (пачатак ХХ ст.)
Між эвакуяваных у свой час з Вільні расійскіх урадавых установаў у Гомелі было ўпраўленне Палескіх чыгунак, якое (за выняткам колькіх дзясяткаў службоўцаў) не пакінула Гомель, нягледзячы на набліжэнне нямецкіх войскаў, падобна, як і завод Варшаўскай акругі шляхоў зносін (warszawski okręg komunikacyjny).
Пасля заняцца Гомеля нямецкім войскам да ўлады вярнулася гарадская рада [6], выбраная недзе ўвосень паводле выбарчага права, заснаванага на шасці прынцыпах (sześcioprzymitnikowego prawa wyborczego) [7], што, аднак, выглядала надта рэакцыйным для мясцовага “совету”.
У Гомелі сёння выходзяць тры рускія газеты.
Дарогаю з Гомеля кс. Гінят адбыў на Лунінец і Баранавічы, прычым да Лунінца чыгуначная служба, як таксама і вагоны, старыя расійскія, адно што станцыі знаходзяцца пад нямецкай ваеннай аховай.

Нямецкія салдаты каля помніка Юзафу Панятоўскаму ў Гомелі (1918 г.)
На пытанне адносна лёсу помніка кн. Юзафу Панятоўскаму [8], што, як вядома, знаходзіцца там “на выгнанні” у парку кн. Паскевічаў, мы даведаліся, што яму пашчасціла вытрываць шалёную буру гісторыі вакол сябе, і ў часе касцюшкаўскіх урачыстасцяў ён быў сведкам скіраванага да яго нацыянальнага параду.
Крыніца: Dziennik Wileński. 1918. 29 marca.
Пераклад з польскай і падбор ілюстрацый – Сяргей Балахонаў
Заўвагі перакладчыка
[1] Вільня.
[2] Лютаўская рэвалюцыя 1917 г.
[3] Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г.
[4] Брэсцкі мір 3 сакавіка 1918 г.
[5] Польская і літоўская бежанскія камісіі рэгістравалі многіх уцекачоў з заходняй і цэнтральнай Беларусі як палякаў і літоўцаў. “Беларуская бежанская камісія ў Гомелі” была створана ў маі 1918 г. высілкамі прадстаўніка ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі Язэпа Няцецкага.
[6] Маецца на ўвазе гомельская гарадская дума на чале з Іосіфам Хрысанфавічам Бабарыкіным.
[7] Усеагульнае роўнае тайнае прамое прапарцыйнае галасаванне без розніцы полу.
[8] Помнік, які пасля падаўлення паўстання 1830-1831 гг. быў вывезены з Варшавы спачатку ў Модлінскую (Новагеоргіеўскую) крэпасць, потым – у Дэмблін (Івангарад), а затым – у гомельскую рэзідэнцыю фельдмаршала Івана Фёдаравіча Паскевіча.