Дзяўчына ў сінім сарафане


Дзяўчына ў сінім сарафане
Ідзе паўз твой мікрараён
Цябе кахаць не перастане
Ні заўтра і ні праз мільён,
Умоўна кажучы, стагоддзяў,
Час – бессэнсоўнасць, час – нішто,
Калі два сэрцы міф народзяць
Пра зачарованых катоў.
Па-над сусветам кот і котка
Вядуць эпічную курну.
Сузор’і ўсхліпваюць дрыготка
Ад шчасця, што ім міф вярнуў,
Курной хаос утаймаваўшы,
Давёўшы, хто тут гаспадар,
І назаўсёды ў прорву страшных
Хтанічных зрынуўшы пачвар.
У ззянні сонц новабудоўлі
Гараць сінтэтыкай агню.
Ты помніш – тут дождж сто гадоў ліў,
Спыніўся ці не ўпершыню,
Калі найлепшая дзяўчына
Пайшла паўз твой мікрараён,
Сабой зацьміўшы дзіўным чынам
Арду дасведчаных матрон.
А ўсё таму, што несла веру
У зачарованых катоў
Расчараванаму жаўнеру
Вайны з нясцерпнай пустатой.
Спляліся зорных рэк меандры,
У іх любоў багоў саміх,
І ты не думаеш, што заўтра
Раптоўна знікне гэты міф.

2014 г.

Дзяўчына ў сінім сарафане

Скарыстаны мінус Hirnschrauber “Epilog: Gut und Böse” (без году) з сайта вольнай музыкі jamendo.com