Анастасія Цімашэнка. Суб’ектная арганізацыя рамана С. Балахонава «Імя грушы»


Анастасія Цімашэнка
Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны
Навук. кіраўнік – к. філал. н., дац. А. В. Брадзіхіна

У аснову рамана «Імя грушы» С. Балахонава пакладзена постмадэрнісцкая гульня з традыцыяй і канонамі беларускай літаратуры. Наратыў твора будуецца з дапамогай выкарыстання «аўтарскай маскі» – цэнтральнага звяна, што арганізуе і звязвае фрагментаваныя часткі аповеду. Суб’ект аўтара не ўведзены ў сюжэтную канву і існуе ў якасці носьбіта метатэкстуальнага каментара. Як слушна заўважае І. Ільін, «“аўтар” як дзеючая асоба постмадэрнісцкага рамана выступае ў спецыфічнай ролі своеасаблівага “трыкстара”, які высмейвае ўмоўнасці класічнай, а значна часцей – масавай літаратуры з яе шаблонамі: ён перш за ўсё здзекуецца з чаканняў чытача, з яго “наіўнасці”, са стэрэатыпаў ягонага літаратурнага і практычна-жыццёвага мыслення, бо галоўная мэта яго кпінаў – рацыянальнасць быцця» [1, с. 8].

Любоўна-дэтэктыўная гісторыя разгортваецца вакол таямнічых знікненняў маладых дзяўчат у Мінску сярэдзіны 19 ст. і выкрадання аднаго з галоўных герояў, жаночага лісліўца і заўсёдніка мясцовых вечарын, Войслава (Вайніслава, Ваяслава) Баўта. Балахонаўскае вызначэнне твора «раман у трох мемуарах» [2, с. 10] задае далейшы камертон яго ўспрымання імпліцытным чытачом, забяспечваючы тым самым неабходную літаратурную камунікатыўную сітуацыю. Апошняя адбываецца ў межах характэрнага для беларускага мастацтва слова самаўсведамлення сябе праз параўнанне з карыкатурнымі вобразамі апалагетаў суседніх краін. Трохмемуарная структура рамана складаецца з успамінаў Наталлі Клыкоўскай (абруселай мяшчанкі з Гомеля), ліста Камілы Свентажэцкай (настаўніцы польскай літаратуры) і дзённіка Ірэны Галавацкай (беларускай актрысы і спявачкі, чый розум паступова разбураецца). Ю. Крупенька заўважае, што «пры гэтым відочна выяўляюцца прэферэнцыі пісьменніка: расейка з Гомелю Наталля апынаецца пустапарожняй гістэрычкай, фанабэрыстая палячка Каміла – занадта безапеляцыйным аналітыкам, а вось беларуская Ірэна з’яўляецца непасрэдным чыннікам падзей, удала маніпулюючы астатнімі героямі і трымаючы у рукох усе сюжэтныя ніці» [3, с. 6]. Трэба сказаць, што тэзіс літаратуразнаўцы аб вышэйзгаданых прэферэнцыях пісьменніка да сваіх персанажаў, на наш погляд, з’яўляецца не зусім карэктным: аўтар не дае перавагі ніводнай з гераінь, а з постмадэрнісцкай іроніяй абыгрывае архетыпічныя літаратурныя вобразы.

Стылістычная афарбоўка кожнага з трох кампанентаў рамана індывідуальная ў дачыненні да кожнага жаночага вобраза. Мемуары Наталлі Клыкоўскай вызначаюцца экспрэсіўнасцю, падрабязнасцю апісанняў і хутчэй нагадваюць рамантычную белетрыстыку 19 ст., ліст Камілы Свентажэцкай – лаканічнае выкладанне падзей, а дзённік Ірэны Галавацкай – увасабленне фрагметарнага мыслення хворай свядомасці ў стане вар’яцкага засмучэння.

Балахонаўская адсылка да класікі беларускай драматургіі – п’есы Янкі Купалы «Тутэйшыя», у якой так званыя «Заходні» і «Усходні» вучоныя намагаліся вызначыць свядомага беларуса Янку Здольніка адпаведна то як Януша Здольніцкага «незаводне тып Всходнё-Крэсовэго поляка з немалон дозон крві познаньско-гуральскей» [4, с. 275], то як Іона Здольнікава «Ісціно- русскій ціп Северо-Западной Обласці і безусловно з прымесью монгольско- фінской крові» [4, с. 275] – выяўляецца ў форме дэскрыпцыі гераінямі рамана «Імя грушы» асноўнай дзеючай асобы, Войслава (Вайніслава, Ваяслава), палюбоўніка ўсіх траіх жанчын, адпаведнымі характарыстыкамі. Напрыклад, Каміла апісвае яго з спаланізаваным імем Войслав Баўт наступным чынам: «Як і бальшыня сыноў сваёй Бацькаўшчыны, ён з маленства вызнаваўся як natione Polonus, gente Ruthenius Albus» [2, с. 100], а Ірэна, у сваю чаргу, як праўдзівага беларуса-крэвіча «істага крэва» [2, с. 118] – Ваяслава. У экспрэсіўных мемуарах Наталлі Клыкоўскай ён ужо фігуруе ў якасці Вайніслава, Славы, Славачкі «з чароўнай усмешкаю, годнай сапраўднага рыцара» [2, с. 21]. Войслаў (Вайніслаў, Ваяслаў) – літаратурны архетып донжуана, спакуснік жаночых сэрцаў. У рамане гэты вобраз іранічна абыгрываецца як яскравае ўвасабленне штампаў белетрыстычных рамантычных твораў: «Выяўлялася, што ён палаў невыцерпным жаданнем, бо нат сукенкі з мяне не зняў, а толькі апусціў зашпількі ды расшнураваў гарсэт» [2, с. 39].

Такім чынам, аповед рамана С. Балахонава «Імя грушы» будуецца з дапамогай постмадэрнісцкага прыёму ўжывання «аўтарскай маскі», што забяспечвае камунікатыўную сітуацыю рамана ў межах беларускай традыцыі мастацтва слова. Аўтарскае «я» распадаецца, дэцэнтруецца: у кожнай частцы рамана – свой аўтар. Стылістычная афарбоўка раздзелаў індывідуальная ў дачыненні да пэўнага літаратурнага вобраза, штампа і стэрэатыпа, якія ўвасабляюць галоўныя героі. Фігура пісьменніка выступае ў якасці суб’екта-перадатчыка (даследчыка гісторыі), які аб’ядноўвае інфармацыю і з дапамогай якога адбываецца акт зносін з чытачом.

Літаратура
1. Ильин, И.П. Постмодернизм. Словарь терминов / И.П.Ильин – Москва: ИНИОН РАН (отдел литературоведения) – INTRADA, 2001. – 414 с.
2. Балахонаў, С.А. Імя грушы: раман, апавяданні / С. Балахонаў. – Мінск: Логвінаў, 2005. – 226 с.
3. Крупенька, Ю. Складальнік шкельцаў / Ю. Крупенька // Балахонаў, С. Імя грушы: раман, апавяданні / С. Балахонаў. – Мінск: Логвінаў, 2005. – С. 4 – 9.
4. Купала, Я. Поўны збор твораў: у 9 т. / Я. Купала. – Мінск: Маст. літ., 2001. – Т. 7: Драм. паэмы і п’есы. – 399 с.

2017 г.

Крыніца: Сучасні проблеми лінгвістики, літературознавства та методики викладання мови і літератури. Тези доповідей та повідомлень наукової інтернет-конференції студентів. 14 грудня 2017 року. – Вінниця, 2017. – С. 227-229.