Чорная дзірка з’явілася ў хаце беларускага вяскоўца

Сокі цаліны

Спадзяемся, што да гэтага не дойдзе

45-цігадовы жыхар вёскі Мажджаліна Андрыян Хвойнікаў паведаміў аднавяскоўцам, што ў ягонай хаце з’явілася чорная дзірка. З словаў Андрыяна гэты астрафізічны аб’ект, стварае настолькі вялікую сілу прыцягнення, што высмоктвае з яго шмат жыццёвых сокаў і грошаў з гаманца.

Наша карэспандэнтка паспрабавала запярэчыць, нагадаўшы, што чорныя дзіры паглынаюць усё чыста, а не перабіраюць. На гэта Хвойнікаў сказаў, што дзірка ў яго хаце вельмі асаблівая і паглынаць сядзібу, вуліцу ці ўвесь наш сельсавет не плануе. Зрэшты, ад дапамогі спецыялістаў мужчына ўхіліўся, а нешматлікіх цікаўнікаў у сваю хату не пускае прынцыпова.

Як ні дзіўна, вясковы люд ставіцца да навіны паблажліва, быццам не адчувае патэнцыйную небяспеку ад чорнай дзіркі. Пакуль мы спрабавалі зразумець, ці не засмактала ўжо нас туды, асобныя тутэйшыя эксперты ў праграмах сарафаннага радыё паспелі супакоіць на тых двух-трох чалавек, якія баяліся.

«Ды ведаем, якая там у яго чорная дзіра! Эльвіра Цімафееўна з суседняй вёскі», – адзначыў у прыватнасці адзін з экспертаў у адмысловым каментары для нас. Застаецца толькі цешыцца, што ёсць шанц на лепшае.