
Хламідаманада,
Наліць ліманаду?
Ці можа чагосьці мацнейшага?
Я ведаю – хочаш
Пасля бурнай ночы.
Прабач, што з’ясняюся вершам я.
Хламідаманада,
Ты будзеш мне катам?
Ці, можа, ласкавай нявестаю?
Давай вызначайся
Ў прасторы і часе
Між мной і каровай пярэстаю.
Хламідаманада,
Упарта, зацята
Маўчыш ад няўцямных мне комплексаў.
Ды ў шэрым палацы
Ты любіш кахацца
Й паказваць банальныя фокусы.
Хламідаманада,
Вялікае свята
Па трактах старых набліжаецца.
І горад гатовы
Пачуць твае словы,
Каб танчыць да самае раніцы.
Хламідаманада,
Ты ведала страты?
Ці толькі набыткамі знаная?
Скажы, ці ад болю
Твае вакуолі
Рабіліся гнойнаю ранаю?
Хламідаманада,
Дык хто ж вінаваты
Ў маўчанні тваім недаробленым?
Маўчыш… Не адкажаш…
І пахмурны найгрыш
Зноў кліча да песень пра гоблінаў.
2014 г.
Скарыстаны мінус Diablo Swing Orchestra “Gunpowder Chant” (2009) з сайта вольнай музыкі jamendo.com