
Рускія горкі. Такі экстрэмальны атракцыён, хоць ты сэрца на далоні пакладзі
Першы раз за сто гадоў у Мажджаліну прыехаў луна-парк. Атракцыёнаў не так багата, але яны выклікалі непадробны інтарэс сярод вяскоўцаў. Людзі ахвотна набываюць квіткі на іх. Пагатоў на касе прымаюць не толькі беларускія грошы, але таксама грыбы, ягады, сала-мяса-сала ды іншыя натуральныя прадукты за выключэннем самаграю.
Найбольшым попытам карыстаюцца экстрэмальныя “рускія горкі”, вагончык якіх едзе то роўна вертыкальна, то робіць пакручасты віраж, каб панесці смельчакоў уніз галавой. Калі слупавую канструкцыю гэтага атракцыёну толькі-толькі ўсталёўвалі, многія мажджалінцы меркавалі, што гэта нафтавая ці газавая вышка. І аж заганарыліся. А калі ўсё высветлілася доўга смяяліся і ахрысцілі атракцыён па-свойму – трансгаз.
Не абышлося і без іншых кур’ёзаў. Некаторыя наведнікі былі расчараваныя тым фактам, што луна-парк “не можа нікагось адправіць на Луну”. Іншыя ж дарэмна чакалі ўбачыць ў луна-парку прыклады дрэў і іншых расліны з паверхні Месяца.
Дырэктар луна-парку, чэшскі прадпрымальнік Яраслаў Бяздубчэк дапамог забяспечыць і часовую занятасць насельніцтва. Прынамсі, працаваць на касу ўзялі Марыфку К., якая паспяхова спраўляецца не толькі з працай, але і з рэштай сваёй ванільнай дэпрэсіі.
Застаецца толькі цешыцца, што праца луна-парка адбываецца ў мірнай дружалюбнай абстаноўцы. Гэта значны крок наперад у параўнанні з 1911 годам, калі ўзброеныя дубцамі мужыкі сустрэлі вандроўны аўстра-венгерскі цырк на ўскраіне Мажджаліны з пытаннем: “Вы з якога павету?”. Найбольш тады дасталося клоунам і атраду казакоў, што прыскакалі разнімаць сутычку.